На лініі Лагвінец — выбаркам зноў непаразуменні



Тэрытарыяльная выбарчая камісія ізноў непаразумелася з палітыкам Алесем Лагвінцом. Канфлікт распачаўся з-за адмовы камісіі разглядаць скаргу Лагвінца на нерэгістрацыю ў кандыдаты ў дэпутаты. Установа аргументавала сваё рашэнне пратэрмінаваннем скаргі. «Сябры выбарчага камітэта быццам не змаглі адрозніць даты на паштовай пячатцы», — гаворыць намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец:

— Яны спраўдзілі і паглядзелі на квіток, які ў мяне быў, арыгінальны, праверылі нумар, якія напісаны на канверце. Спрабавалі нешта сказаць, што пячатка 12 жніўня — галоўная пячатка, хоць там ёсць пячатка ад 10 жніўня і пошта можа ставіць розныя пячаткі. Урэшце рэшт зрабілі копію майго квітка і відаць пагадзіліся. 

На разгляд скаргі палітыка ўсё ж запрасілі. Алесь Лагвінец балатаваўся ў дэпутаты па сто першай Сухараўскай акрузе. Кампанія палітыка запомнілася канцэртам Лявона Вольскага ды акцыяй «Мост нацыянальнага сцяга». За два папярэджанні ад ЦВК Лагвінцу адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты.

Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск