На мяжы паміж Карэямі адбылася перастрэлка
На ўзмоцнена ахоўваемай дэмаркацыйнай лініі, якая падзяляе Паўночную і Паўднёвую Карэі, адбылася перастрэлка, паведаміў генштаб узброеных сілаў Паўднёвай Карэі ў нядзелю, 3 траўня. Паводле яго інфармацыі паўночнакарэйскія жаўнеры абстралялі адзін з паўднёвакарэйскіх КПП, што ў чатырохкіламетровай буфернай зоне паміж дзяржавамі.
Паўднёвакарэйскія памежнікі, пасля шэрагу папярэджанняў, сталі страляць у адказ. Пра ахвяры ці параненых не паведамляецца з абодвух бакоў. Войскі Паўднёвай Карэі прыведзены ў стан падвышанай гатовасці.
Інцыдэнт у дэмілітарызаванай зоне адбыўся на наступны дзень пасля таго, як паўночнакарэйскія СМІ паведамілі пра першае публічнае з’яўленне дыктатара КНДР Кім Чэн Ына за досыць працяглы час. Амаль трохтыднёвая адсутнасць паўночнакарэйскага кіраўніка выклікала шматлікія чуткі пра стан яго здароўя і імаверную смерць.
Беларускае Радыё Рацыя