На наступным тыдні запланаваная сустрэча Румаса і Мядзведзева
З ініцыятывы беларускага боку 14 верасня адбылася тэлефонная размова прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса са старшынём урада Расеі Дзмітрыем Мядзведзевым.
Як паведамляе прэс-служба беларускага ўрада, абмеркаваныя актуальныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва. „Асноўная ўвага была нададзеная парадку дня сустрэчы, якая запланаваная на наступным тыдні. Бакі выказалі гатоўнасць да канструктыўнага дыялогу”, — гаворыцца ў паведамленні.
Румас таксама павіншаваў Мядзведзева з днём нараджэння. Беларускі прэм’ер пажадаў расейскаму калегу „моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту і новых стваральных поспехаў”.
Нагадаем, 30 жніўня Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін падчас тэлефоннай размовы папярэдне дамовіліся аб сустрэчы 21 верасня ў пашыраным складзе з удзелам членаў урадаў. Плануецца, што ў перамовах возьмуць удзел прэм’ер-міністры дзвюх краін, віцэ-прэм’еры, якія адказваюць за нафтагазавы комплекс і сельскую гаспадарку, міністры фінансаў.
Падчас папярэдняй тэлефоннай размовы з Мядзведзевым, 3 верасня, Румас паведаміў: „У нас вельмі шырокі парадак дня тых пытанняў, якія б мы хацелі абмеркаваць і, галоўнае, паставіць кропку, а не шматкроп’е ў гэтых пытаннях”.
Фота Vesti.Ru