На новы тэрмін вылучаныя 9 членаў Савета Рэспублікі
Сёння завяршыўся тэрмін падачы дакументаў у Цэнтрвыбаркам аб вылучэнні кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі.
Рэгістрацыя кандыдатаў пройдзе з 9 па 13 кастрычніка.
Як сведчыць праведзены БелаПАН аналіз спісаў кандыдатаў у верхнюю палату, склад Савета Рэспублікі значна абновіцца: толькі дзевяць кандыдатаў вылучаныя паўторна.
Выбары ў Савет Рэспублікі пройдуць на безальтэрнатыўнай аснове. Мясцовыя саветы і адпаведныя выканкамы рэгіёнаў (усе вобласці і Менск) вылучаюць па восем кандыдатаў. 7 лістапада на пасяджэннях мясцовых саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню ў кожнай вобласці і Менскага гарадскога савета дэпутатаў пройдзе тайнае галасаванне.
Восем з 64 членаў Савета Рэспублікі ў адпаведнасці з Канстытуцыяй прызначаюцца прэзідэнтам.
Савет Рэспублікі — верхняя палата Нацыянальнага сходу. У яго задачы ўваходзіць разгляд законапраектаў, прынятых ніжняй палатай (Палатай прадстаўнікоў).
Выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць 17 лістапада.