На парламенцкіх „выбарах” двух тураў не будзе
На маючых адбыцца ў Беларусі „выбарах у парламент” будзе выкарыстаны шэраг новаўвядзенняў. Яны былі прынятыя яшчэ ў 2013 годзе, але на парламенцкіх „выбарах” будуць ужытыя ўпершыню. Пра гэта заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. У прыватнасці, выбары ўпершыню пройдуць у адзін тур «не толькі фактычна, але і гіпатэтычна і юрыдычна».
Як адзначае эксперт у выбарчым заканадаўстве Сяргей Альфер, у гісторыі беларускіх выбараў былі адзінкавыя выпадкі, калі праводзіўся другі тур.
– Калі мы ідзём да прапарцыйнай выбарчай сістэмы, нічога дрэннага ў тым, што выбары ў адзін тур, няма. А на самой справе, цяжка напэўна ўспомніць, калі ў Рэспубліцы Беларусь выбары былі ў два туры. Магу сказаць, – пачатак 90-х гадоў і ў пачатку 2000-х. А пасля – якія выбары, стролькі і тураў.
Акрамя таго, уведзена правіла балатавацца толькі па адной выбарчай акрузе. Таксама сёлета не будзе дзяржаўнага фінансавання перадвыбарнай агітацыйнай кампаніі кандыдатаў у дэпутаты.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя