На парламенцкія выбары будзе патрачана каля 23 мільёнаў рублёў



На выбары ў Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі, якія пройдуць у лістападзе бягучага года, будзе выдаткавана каля 23 млн. рублёў, паведаміла журналістам старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына 6 жніўня перад пасяджэннем ЦВК.

„Хачу звярнуць увагу, што фінансаванне павялічанае на адзін мільён рублёў у параўнанні з выбарамі 2016 года. Гэта звязана з ростам зарплат па краіне”, — сказала Ярмошына.

Паводле яе слоў, па 2 верасня ўключна павінны быць сфармаваныя акруговыя і абласныя выбарчыя камісіі. Пасля фармавання камісій кандыдаты ў дэпутаты змогуць пачаць падаваць дакументы. „Першы такі дакумент — аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы”, — сказала Ярмошына.

Адказваючы на пытанне БелаПАН, ці зробіць ЦВК рэкамендацыю выбарчым камісіям пры падліку галасоў паказваць бюлетэні назіральнікам на ўчастку, як гэта рэкамендуе АБСЕ, Ярмошына сказала: „Рэкамендацыі АБСЕ намі выконваюцца. Але частка рэкамендацый, у тым ліку і тая, пра якую вы пытаецеся, можа быць выкананая і ўлічаная толькі нормамі закона. ЦВК не мае права прымаць падобныя пастановы”.

Ярмошына таксама паведаміла, што сёння раніцай МЗС Беларусі накіравала лісты з запрашэннем назіраць за выбарамі ў краіне ў Парламенцкую асамблею АБСЕ, Выканкам СНД і ШАС. „ЦВК накіруе запрашэнні пазней калегам нашым за мяжой і ў Сусветную асацыяцыю арганізатараў выбараў, у якой мы знаходзімся і якая базуецца ў Паўднёвай Карэі”, — сказала Ярмошына. Паводле яе слоў, ЦВК плануе запрасіць калег з краін СНД, а таксама Грузіі і Украіны.

Як паведамлялася, 5 жніўня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указы № 293 і 294 аб прызначэнні выбараў у Савет Рэспублікі і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання. Яны пройдуць адпаведна 7 і 17 лістапада 2019 года.

БелаПАН