Аляксей Янукевіч: На гэты момант перашкодаў няма



На паседжанні штабу дэмакратычнай кааліцыі па абранні адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары падведзены першыя вынікі праймерыз. Сустрэчы з выбарцамі пачаўліся ў Віцебскай вобласці. Па словах аднаго з удзельнікаў праймерыз, намесніка старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, людзі, прынамсі  дээмакратычныя актывісты, выяўляюць актыўнасць пры галасаванні.

„Думаю, што для першай стадыі гэта добры вынік. Я перакананы, што колькасць удзельнікаў будзе павялічвацца, прычым павялічвацца дастаткова істотна,” – кажа Аляксей Янукевіч.

– Я бачу пакуль, што ўлады назіраюць за працэсам, і будуць, у адпаведнасці з яўкай людзей, вызначаць сваю тактыку. Але тое, што на гэты момант перашкодаў няма, гэта таксама плюс. І гэта паказвае, што мы можам пашыраць тое поле, на якім мы дзейнічаем.

Як распавёў Аляксей Янукевіч, прадстаўнікі мясцовай улады ў некаторых гарадах прысутнічалі падчас сустрэч і галасавання. А ў Мёрах сустрэчу з кандыдатамі наведаў і актыўна ў ёй удзельнічаў намеснік старшынні райвыканкама па ідэалогіі.

– Тое, што ён сапраўды прысутнічаў, што ён слухаў, задаваў пытанні, няпростыя пытанні, я лічу такім добрым досведам, можа гэта яшчэ далёка не знак, што ўлада гатовая да дыялогу з апазіцыяй, але прынамсі гэта з нашага боку, я лічу, добры знак уладзе, што нейкіх штучных ворагаў мы не шукаем.  

Таму, па меркаванні Аляксея Янукевіча, вынік народнага галасавання будзе добры, на карысць Беларусі і на карысць нацыянальна-дэмакратычным сілам. 

Беларускае Радыё Рацыя