“На першым месцы было непрыняцце рэжыму і акупацыйнай сімволікі”
Беларусам патрэбны нацыянальны пашпарт. Пра гэта сведчыць адмысловае апытанне. Яго пракаментаваў – прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі па замежных справах Валер Кавалеўскі. Таксама мы спыталі, якія дзеянні чакаюцца ад кабінета, калі Еўразвяз закрые межы. Літва, Латвія і Польшча ўжо 28 жніўня абмяркуюць пытанне поўнага закрыцця мяжы з Беларуссю.
З Валерам Кавалеўскім размаўляў наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.
РР: Гэтая лічба з’явілася, яна 57 тысяч пашпартоў – такі ёсць запыт. Адкуль гэтая лічба і як вы яе пракаментуеце?
Валер Кавалеўскі: Так. Гэтыя лічбы былі сабраныя ў выніку апытання, якое было запушчана якраз падчас прэзентацыі праекта пашпарта 6 жніўня на канферэнцыі “Новая Беларусь” у Варшаве. Платформа “Голас”, Павел Лібер, які кіруе гэтай платформай, прапанавалі гэтую магчымасць. І вось 10 дзён ішло галасаванне, людзі выказваліся па пытаннях, якія былі зададзеныя ў гэтым апытанні. Зараз мы маем іх вынікі.
Апынулася, што ёсць патрэба ў пашпартах, прыкладна колькасцю 57 тысяч і больш пашпартоў запатрабавана на сёння, то бок гэта не толькі людзі за сябе просяць, а просяць таксама і за сяброў іх сем’яў, то бок гэта закранае не індывідуальна, а ўжо цэлыя сем’і.
Для нас было цікава паглядзець геаграфію, які попыт на гэты дакумент ёсць і цікава, што шмат людзей, амаль траціна, звярнулася з Беларусі. Нават нягледзячы на тое, што мы зараз не рэкамендуем атрымліваць гэты дакумент у Беларусі, бо гэта можа быць небяспечна, але найбольш паказальна, найбольш людзей адказалі з Еўрапейскага звязу, дзе больш за ўсё беларусаў апынулася пасля падзей 2020 года.
Таксама бачым па статыстычных дадзеных, што ўжо больш за 2000 чалавек ужо зараз маюць патрэбу ў абмене пашпарту, то бок ці скончыўся тэрмін дзеяння, ці страціліся дакументы.
РР: Напэўна, гэта больш такія сімвалічныя крокі, бо не хочацца спадзявацца, што так шмат людзей маюць праблемы з беларускім пашпартам – ці страчваюць, ці ён заканчваецца. Вы кажаце, што іх каля 2000 чалавек, а большасць так сімвалічна хочуць мець такі дакумент, такі адметны дакумент.
Валер Кавалеўскі: Не, неабавязкова. Пытанне задавалася, калі вам трэба будзе мяняць пашпарт, бо з 2000 чалавек 55 адказалі, што ўжо зараз, больш за 1000 чалавек сказалі, што да канца бягучага года, а астатнія казалі пра тое, што ў 2024 годзе ці трохі пазней.
Нам таксама важна ацаніць той попыт, які можа быць на гэты пашпарт, каб планаваць і вытворчыя працэсы гэтага дакумента, а таксама казаць тым дзяржавам, дзе жывуць беларусы – паглядзіце, ёсць патрэба ў прызнанні ўжо зараз, а не праз год, не праз два, а ўжо зараз людзі сутыкаюцца з гэтай праблемай.
Цікава, што сярод прычын, чаму людзі хацелі памяняць гэты пашпарт, другое месца меў адказ сканчэнне тэрміну дзеяння гэтага дакумента ці хутка скончыцца, а на першым месцы было непрыняцце рэжыму і акупацыйнай сімволікі, якія на сёння ўтрымліваюцца ў гэтых пашпартах.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя