На праймерыз апазіцыі лідзіруе Юрый Губарэвіч



Беларуская апазіцыя, якая ўдзельнічае ў працэдуры выбару адзінага кандыдата ў прэзідэнты, апублікавала першыя вынікі праймерыз. З невялікім адрывам лідзіруе старшыня руху „За Свабоду” Юрый Губарэвіч.

У праймерыз працягваюць удзельнічаць тры кандыдаты: Губарэвіч, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Вольга Кавалькова і выканаўца абавязкаў старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў.

Пакуль у анлайн-галасаванні на момант падрыхтоўкі матэрыялу прынялі ўдзел 608 чалавек. 208 падтрымалі Губарэвіча, 205 — Кавалькову, 195 — Казлова.

„Вынікі анлайн-галасавання мяняюцца вельмі дынамічна. Вынікі можна адсочваць у рэальным часе і падтрымліваць таго кандыдата, які здаецца прымальным”, — заявіў БелаПАН старшыня Беларускай партыі „Зялёныя” Дзмітрый Кучук, які ў штабе па выбарах адзінага кандыдата каардынуе анлайн-галасаванне.

Паводле яго слоў, колькасць пераходаў на сайт прыкметна большая за колькасць тых, хто прагаласаваў (1.600 наведванняў). Кучук падкрэсліў, што ідэнтыфікацыя па нумары тэлефона — абсалютна бяспечная, дадзеныя выдаляюцца аўтаматычна і нідзе не захоўваюцца.

„Мы ўжо набралі больш галасоў, чым у рэгіёнах, і гэта толькі пачатак. Галасаванне ў інтэрнэце будзе доўжыцца да 30 красавіка, я спадзяюся, людзі раскачагарацца і будуць больш актыўна галасаваць”, — дадаў Кучук.

Ён анансаваў правядзенне дэбатаў кандыдатаў на праймерыз, якія запланаваны на наступным тыдні і будуць транслявацца ў прамым эфіры.

Пра працэдуру праймерыз дамаўляліся Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Партыя БНФ, Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП), аргкамітэт па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД) і рух „За Свабоду”.

16 сакавіка аб выхадзе з праймерыз заявіў сустаршыня БХД Павел Севярынец. Сваё рашэнне ён патлумачыў адсутнасцю рэакцыі арганізатараў на масавы, на яго думку, удзел прадстаўнікоў уладаў у галасаванні, а таксама нежаданнем спыняць паездкі па рэгіёнах з прычыны распаўсюджвання каранавіруса.

17 сакавіка аб выхадзе з праймерыз абвясціў намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Асноўнай прычынай ён назваў разбурэнне адзінства паміж арганізацыямі, якія падпісалі пагадненне аб выбары адзінага кандыдата. З пагаднення выйшла і Партыя БНФ.

Акрамя анлайн-галасавання ўдзельнікі паспелі правесці шэраг паездак у рэгіёны і арганізаваць там выбары, у якіх прынялі ўдзел 690 чалавек. Рэгіянальныя сустрэчы прыпыненыя з-за сітуацыі з каранавірусам.

belapan.by