На пратэстах у Расеі налічылі больш за 3400 затрыманых



Колькасць затрыманых падчас акцый пратэсту з патрабаваннем вызваліць лідара апазіцыі Аляксея Навальнага перасягнула 3400 чалавек. Гэта найвышэйшы паказнік затрыманняў у сучаснай гісторыі гэтай дзяржавы.

Агулам пратэсты прайшлі больш як у 100 гарадах Расеі, агульная колькасць удзельнікаў ацэньваецца больш як у 100 тысяч чалавек. Самыя маштабныя акцыі пратэсту былі зафіксаваныя ў Санкт-Пецярбургу і Маскве. У апошняй, па некаторых ацэнках, колькасць удзельнікаў дасягнула 40 тысяч.

Сярод затрыманых больш за 100 непаўналетніх і дзясяткі журналістаў. Частку людзей адпусцілі пасля складання пратаколаў або без іх, многія правялі ноч у пастарунках. Каля 30 чалавек паведамілі пра збіццё ў міліцыі.

Жанчыну, якую ў Санкт-Пецярбургу міліцыянт ударыў нагой у жывот, шпіталізавалі. Да яе прыйшоў начальнік Упраўлення арганізацыі аховы грамадскага парадку, палкоўнік Сяргей Музыка. Некалькі разоў папрасіў прабачэння ад імя ўсяго асабістага складу, паабяцаў разабрацца і пакараць вінаватых, а таксама любую дапамогу.

nn.by

Фота: TUT.BY