На прэзідэнцкія выбары выдаткуюць 100 мільярдаў рублёў



Бюджэт прэзідэнцкіх выбараў у 2015  годзе складзе 100 мільярдаў рублёў. Пра гэта паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.

«Па-сутнасці справы, гэтая выбарчая кампанія не адносіцца да катэгорыі самых дарагіх. Значна даражэй абыходзіцца правядзенне мясцовых выбараў, бо ў іх удзельнічае шмат кандыдатаў», – заявіла яна.

Эксперт у выбарчым заканадаўстве Сяргей Альфер лічыць, што на будучай прэзідэнцкай кампаніі ўлады могуць значна зэканоміць:

– У краіне на сённяшні дзень крызіс і патрэбна эканоміць грошы. Таму грошы на прэзідэнцкіх выбарах будуць  эканоміцца за кошт адсутнасці ў кандыдатаў у прэзідэнты дзяржаўных выбарчых фондаў. Магчыма, меншымі будуць выдаткі на выбарчыя камісіі.

Ярмошына паведаміла, што ЦВК арыентуецца на 15 кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах. «Не думаю, што іх будзе больш, бо пераадолець бар’ер з подпісаў у 100 тысяч вельмі цяжка», – сказала яна. Бюджэт папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў, якія прайшлі ў 2010 годзе, складаў  37 мільярдаў беларускіх рублёў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота n-europe.eu