На расейскім інтэрнэт-рэсурсе паставілі пад сумнеў тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі



Адзін з аўтараў папулярнага ў Расеі нацыяналістычнага рэсурса „Спутник и погром” абгрунтаваў прэтэнзіі на Гомельскую, Магілёўскую і Віцебскую вобласці.

Паводле каардынатара Гомельскай абласной структуры „За справядлівыя выбары” Уладзіміра Кацоры, на такія правакатыўныя заявы павінны рэагаваць органы ўлады.

– Тут больш перажываць павінен той жа самы Лукашэнка, бо гэта пагроза і для яго асабіста і для яго ўлады, для яго сістэмы ўлады. І таму жорстка на такія заявы будзе ён рэагаваць. Пакуль рэакцыі няма. Але, ці гэта пяройдзе ў больш-менш рэальную плоскасць? Я ў гэтым не ўпэўнены. Я думаю, гэта нерэальна, гэта больш  такія страхі.

Дэпутат Гомельскага гарсавета ХХІ склікання Андрэй Толчын лічыць, што беларусы будуць супраціўляцца ў выпадку агрэсіі суседняй дзяржавы.

Наконт рускага насельніцтва… У мяне ў самога бацька рускі па нацыянальнасці, але я не жадаю быць у складзе нейкай Расеі. Навошта мне? І я не жадаю, каб нейкі Пуцін мяне ў Беларусі тут “абараняў” нейкім чынам ад кагосьці. Я лічу, што мы самі разбярэмся ў сваіх унутраных праблемах і самі вырашым свае пытанні. Але пагроза з Усходу існуе, і яна рэальная.

Насельніцтва Гомельскай, Віцебскай і Магілёўскай абласцей дастаткова гамагеннае — больш за 80% жыхароў з’яўляюцца беларусамі.

Усе тры вобласці як адміністрацыйныя адзінкі былі ўтвораныя ў 1938 годзе, калі ў БССР быў уведзены прынцып абласнога падзелу.

per777

Беларускае Радыё Рацыя