На Рыгора Кастусёва склалі пратакол за Дзень Волі
Намеснік старшыні Партыі БНФ кажа, што дакумент складзены са шматлікімі памылкамі, нават прозвішча чыноўнікі ўказалі няправільна. Рыгор Кастусёў лічыць, што ўлада хоча проста падзарабіць на ўдзельніках мітынгу 25-га сакавіка:
— Відаць узровень супрацоўнікаў, якія займаліся гэтай справай, як выказваецца Аляксандр Лукашэнка, апушчаны ніжэй плінтуса. Альбо яны не ведаюць, што гэтая акцыя была дазволенаю, альбо яны наўмысна робяць гэта, хоць і ведаюць, што акцыя была дазволеная, каб сабраць сродкі сабе на заробак.
Кастусёў у міліцыю не паехаў і не збіраецца прымаць ніякіх дзеянняў па гэтым пратаколе, бо лічыць яго незразумелым і незаконным:
— Як на гэта рэагаваць калі гэтую паперку можна проста выкінуць у сметніцу, бо яна нічога ня вартая. Вядома, міліцыя плануе далейшыя дзеянні, як я бачу, але для мяне яна ніякай важнасці не мае, бо яна складзена з парушэннем беларускага заканадаўства.У мяне на руках ёсць дазвол Менгарвыканкаму і асабіста і непасрэдны прысутнічаў на паседжанні той камісіі, якая выдавала дазвол.
За ўдзел у санкцыянаваным менскімі ўладамі мітынгу на Дзень Волі ў Менску штрафамі пакараныя ўжо шэраг удзельнікаў.
Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя