На Саміце Усходняга партнёрства ў Рызе хочуць пабачыць Лукашэнку
Пра перамовы аб прысутнасці Беларусі на мерапрыестве ў Латвіі, што пройдзе ў траўні гэтага году, паведаміў дзяржсакратар латвійскага МЗС Андрэйс Пілдэговічс.
Андрэйс Пілдэговічс наведаў Менск дзеля кансультацый.
– Мы хацелі бы бачыць Беларусь прадстаўленай, магчыма, на самым высокім узроўні. Ці будзе магчымасць гэтага высокага ўзроўню – пакажуць бліжэйшыя месяцы. Канчатковае рашэнне будзе прымацца кіраўніцтвам Беларусі.
Умовы ўдзелу кіраўніка Беларусі Андрэйс Пілдэговічс не акрэсліў, але сказаў, што ў Латвіі адчуваюць пэўную зацікаўленасць беларускага ўраду ісці наперад.
Нагадаем, зараз у Беларусі ў зняволенні застаюцца некалькі чалавек, асуджаных па палітычных матывах. Прадстаўнік МЗС Латвіі кажа пра трох палітвязняў: Мікалая Статкевіча, Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча.
Беларускае Радыё Рацыя