На сесіі Савета ААН па правах чалавека будзе пададзены даклад па Беларусі



На сесіі Савета па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый 25 чэрвеня ў Жэневе спецдакладчык ААН па Беларусі Міклаш Харасці прэзентуе даклад. Як паведаміў Харасці БелаПАН, сутнасць даклада зводзіцца да таго, што ў Беларусі захоўваецца „становішча задушэння правоў і свабод грамадзян”.

„На працягу шасці гадоў пасля таго, як Савет па правах чалавека заснаваў мандат спецдакладчыка, жыццё ў Беларусі рэгламентавалася мэтанакіравана рэпрэсіўнай прававой базай. Гэта пагаршалася рэпрэсіямі з прымяненнем гвалту ў дачыненні да мірных дэманстрантаў, няўрадавых арганізацый, палітычных апанентаў, праваабаронцаў і супрацоўнікаў незалежных сродкаў масавай інфармацыі, што рэгулярна паўтараліся, цэнтралізавана планаваліся, — адзначаецца ў суправаджальнай запісцы да даклада. — Улады цыклічна звярталіся да практык пазбаўлення волі палітычных апанентаў па сфабрыкаваных абвінавачаннях. Працягваліся парушэнні права на жыццё ў выглядзе рэгулярнага прымянення смяротнага пакарання”.

Урад не спрабаваў выправіць такія сістэмныя недахопы, як адсутнасць вяршэнства права, задушэнне выражэння любой нязгоды, адсутнасць плюралізму СМІ, неабходнасць атрымання дазволаў для ажыццяўлення права на свабоду асацыяцыяў і мірных сходаў, адзначае спецдакладчык.

„З улікам таго, што становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі працягвае характарызавацца адмовай ад супрацоўніцтва з праваабарончымі механізмамі ААН і невыкананнем іх рэкамендацый, мандат спецыяльнага дакладчыка павінен быць працягнуты”, — падкрэсліваецца ў суправаджальнай запісцы.

Дакумент ахоплівае перыяд з 1 красавіка 2017 года па 30 красавіка 2018-га і з’яўляецца апошнім дакладам Харасці, тэрмін паўнамоцтваў якога заканчваецца 31 кастрычніка гэтага года.

„Практыка ў сферы правоў чалавека ў справаздачны перыяд была адзначаная рэгулярным прымяненнем уладамі рэпрэсіўных прававых і адміністрацыйных нормаў, якія ўкараніліся, — адзначае спецдакладчык па Беларусі. — Падзеяй, што патэнцыйна можа ўнушаць сур’ёзную занепакоенасць, стала прыняцце Нацыянальным сходам у першым чытанні законапраекта аб унясенні зменаў у закон аб СМІ (14 чэрвеня законапраект прыняты ў другім чытанні. — БелаПАН.) і іншыя прававыя нормы, якія, у выпадку іх канчатковага прыняцця, ліквідуюць апошнія рэшткі свабоды выказвання меркаванняў у інтэрнэце”.

Справаздачны перыяд таксама адзначаны „аднаўленнем рэпрэсіяў з боку праваахоўных органаў у дачыненні да мірных дэманстрантаў, прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі, праваабаронцаў і незалежных журналістаў” у сакавіку 2018 года з нагоды Дня Волі, „перад і падчас якога больш як сотня чалавек былі адвольна затрыманыя і заключаныя пад варту”, гаворыцца ў дакладзе.

„Хоць штодзённае грамадскае жыццё ў краіне абмежаваная асноватворным агульнасістэмным і мэтанакіравана рэпрэсіўным зборам законаў і дзеяннямі дзяржаўных службовых асоб, улады, тым не менш, пастаянна нарошчваюць маштабы рэпрэсій шляхам жорсткіх гвалтоўных дзеянняў з мэтай захавання націску”, — адзначае спецдакладчык ААН.

Акрамя таго, улады Беларусі працягваюць ігнараваць рэкамендацыі праваабарончых механізмаў ААН, а таксама Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ. „Аналіз паказаў адсутнасць якога-небудзь прасоўвання наперад у справе выканання гэтых рэкамендацый, што сведчыць аб адсутнасці палітычнай волі ва ўладаў дзяржавы-ўдзельніцы дамагчыся паляпшэння становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі”, — падкрэсліваецца ў дакладзе.

Харасці прыводзіць канкрэтныя прыклады парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі: пазасудовае блакаванне доступу да сайтаў belaruspartisan.org і charter97.org на падстве рашэння Мінінфарма; пераследы журналістаў і блогераў. У дакладзе адзначаецца, што ў 2017 годзе на журналістаў накладзена 69 штрафаў больш як на 25 тысяч еўра.

Спецдакладчык таксама згадвае справу беларускіх аўтараў расійскага рэсурсу Regnum, асуджаных паводле абвінавачання ў распальванні нацыянальнай варожасці.

Грамадскія арганізацыі і палітычныя партыі ў Беларусі па-ранейшаму сустракаюцца з цяжкасцямі пры спробах афіцыйна зарэгістравацца. Улады стварылі палітычна арыентаваную бюракратычную сістэму рэгістрацыі любых аб’яднанняў, гаворыцца ў дакладзе.

Харасці таксама адзначае, што беларускія ўлады працягваюць пераслед праваабаронцаў і прафсаюзных лідараў.

„У Беларусі жорсткае абыходжанне, раўнасільнае катаванням, з’яўляецца сістэмным інструментам, які абслугоўвае агульную рэпрэсіўную прававую аснову. Заканадаўства да гэтага часу не ўтрымлівае азначэння катаванняў, нягледзячы на неаднаразовыя заклікі да дзеянняў у гэтых адносінах праваабарончых механізмаў, уключаючы Камітэт ААН супраць катаванняў”, — гаворыцца ў дакладзе.

Харасці падкрэслівае, што на момант завяршэння падрыхтоўкі даклада ў Беларусі па-ранейшаму былі два палітычныя зняволеныя — Дзмітрый Паліенка і Міхаіл Жамчужны.

Паколькі ніякага адчувальнага прагрэсу ў вырашэнні сістэмных праблем не было дасягнута, няма прычын для спынення міжнароднага кантролю за становішчам у галіне правоў чалавека ў Беларусі, рэзюмуе спецдакладчык.

belapan.by

Фота tut.by