На што скардзяцца зборшчыкі подпісаў?



Маладыя людзі, якія збіраюць подпісы за патэнцыйных кандыдатаў, скардзяцца на спякоту і палітычную апатыю беларускага грамадства.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Ля сталічнага ГУМА побач месцяцца і пікет, у якім збіраюць подпісы за Таццяну Караткевіч, і пікет Віктара Цярэшчанкі.

Сяргей “з каманды Караткевіч” не хоча называць сваё прозвішча, але на ўмовы працы асабліва не скардзіцца. Хоць свае “нюансы” ёсць.

“Многія кажуць, што Таццяна Караткевіч – занадта маладая, каб краінай кіраваць, – распавядае суразмоўца. – І, тым не менш, падпісваюцца даволі ахвотна. Сёння я за адну гадзіну сабраў 35 подпісаў. У прыхільнікаў Лукашэнкі такога выніку няма”.

“Дзе складаней збіраць подпісы: на кватэрах ці на пікетах?” – пытаюся ў яго.

“Думаю, на кватэрах, – адказвае той. – На вуліцы людзі самі падыходзяць да цябе, калі вырашаць падпісацца, а ў кватэры не ведаеш, на каго патрапіш. Некаторыя кажуць: “Вы што, Майдан збіраецеся ў Беларусі зрабіць?!” Нехта сцвярджае, што выбараў усё роўна няма, таму і ніякія подпісы ставіць ён не будзе”.

Антон Вінаградаў – сябра ініцыятыўнай групы па збору подпісаў за Віктара Цярэшчанку – са складанасцей называе спякоту і нізкую грамадскую актыўнасць насельніцтва.

“У грамадзян – нейкая апатыя, і гэта вельмі прыгнятае, – кажа ён. – Стараемся прасвятляць людзей. А яшчэ і надвор’е такое, што народу не да подпісаў – хутчэй бы схавацца ад сонца. Нам таксама на пікетах не соладка. Вось каманда Лукашэнкі працуе ў некалькі зменаў. Адны пасядзелі некалькі гадзін, затым іх іншыя змянілі. Бачна, што людскога рэсурсу хапае”.

Суразмоўца ведае, што за Віктара Цярэшчанку быццам бы ўжо сабралі каля 105 тысяч подпісаў, але дадае, што “гэта – не мяжа”.

“Па маіх прагнозах, назбіраем 200-300 тысяч подпісаў”, – Антон глядзіць у будучыню з аптымізмам.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя