На сілавікоў, якія збіваюць людзей, прапануюць выдаць ордэры Інтэрпола
Камітэт па замежных справах Еўрапарламента разам з падкамітэтам па правах чалавека правёў слуханні наконт таго, як змагацца з беспакаранасцю сілавікоў за ўжыванне гвалту супраць удзельнікаў пратэстаў у Беларусі.
„Людзі на вуліцах патрабуюць міжнароднай справядлівасці, таму што правасуддзе ўнутры Беларусі для іх недаступна. Галоўнае пытанне — як можна пераадолець гэтую беспакаранасць, бо цяпер звычайныя амапаўцы не баяцца здзяйсняць гэтыя злачынствы”, — перадае DW выступ Андруса Кубілюса, сустаршыні дэлегацыі Еўрапарламента „Еўранэст”. Беларускі погляд на сітуацыю выказвалі анлайн два праваабаронцы – старшыня праваабарончага цэнтра „Вясна” (забароненага ўладамі) Алесь Бяляцкі і прадстаўнік „Беларускага Хельсінкскага Камітэта” Гары Паганяйла.
Бяляцкі расказаў, што пасля візіту Аляксандра Лукашэнкі ў СІЗА КДБ 10 кастрычніка, дэманстрацыі разганялі з „асаблівай жорсткасцю”. 11 кастрычніка затрымалі больш за 600 пратэстоўцаў, а ў панядзелак супраць пенсіянераў ужылі святлошумавыя гранаты і слезацечны газ. Рэакцыю сілавікоў ён называе неадэкватным ужываннем гвалту. Ён заклікаў Еўразвяз пашырыць санкцыйны спіс і ўключыць тых, „хто ўчыняе злачынствы, прыкрываючыся ўладай”.
Гары Паганяйла лічыць, што Інтэрпол можа выдаць ордэры на арышт сілавікоў па заявах людзей, якія выехалі з Беларусі ў Польшчу і Літву. Гэта, на яго думку, можа змяніць сітуацыю ўнутры нашай краіны.