На слуханнях у Кангрэсе ЗША Ціханоўская заклікала падтрымаць беларускі народ



Злучаным Штатам трэба пашырыць санкцыі ў дачыненні да прадстаўнікоў беларускіх уладаў і звязанага з імі бізнесу, а таксама павялічыць падтрымку народа. З такімі заклікамі Святлана Ціханоўская выступіла 17 сакавіка на анлайн-слуханнях у камітэце па міжнародных адносінах Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША.

Жывая трансляцыя вялася на сайце камітэта.

Ціханоўская зазначыла, што выступае дзеля таго, каб данесці „голас тысяч беларусаў, якія сутыкнуліся з несправядлівасцю, застрашваннем і жорсткасцю, але штодзень працягваюць пратэставаць”. Яна нагадала, што больш за сем месяцаў прайшло з таго часу, як „беларусы аб’ядналіся ў мірны пратэстны рух, які быў сустрэты беспрэцэдэнтным гвалтам з боку ўладаў”.

„Усяго было затрымана больш за 32 тыс. чалавек, распачатыя больш як дзве тысячы крымінальных спраў, праваабаронцы зафіксавалі больш за тысячу выпадкаў катаванняў, 290 чалавек прызнаныя палітвязнямі, — сказала Ціханоўская. — Як мінімум восем пратэстоўцаў былі забітыя. Ні адзін чыноўнік не быў прыцягнуты да адказнасці за жорсткасць, рэпрэсіі, катаванні і забойствы”.

Беларуская дэмакратычная лідарка заявіла, што „сімвалам надзеі і стойкасці краіны сталі адважныя беларускі”, у тым ліку 74-гадовая Ніна Багінская, міс Беларусь — 2008 Вольга Хіжынкова, баскетбалістка Алена Леўчанка і іншыя.

„Жанчыны ў белым з кветкамі сталі ў першы жывы ланцуг як шчыт для пратэстоўцаў-мужчын, — адзначыла Ціханоўская. — Іх жаданне абараніць было большым за страх быць затрыманымі і зазнаць катаванні. Тым не менш яны не змаглі абараніць усіх. 10 жніўня Аляксандр Тарайкоўскі, застрэлены сілавікамі ў Мінску, паў першай ахвярай. Журналістак Дар’ю Чульцову і Кацярыну Андрэеву пазбавілі волі на два гады за тое, што рабілі сваю працу — асвятлялі акцыю пратэсту ў памяць пра Рамана Бандарэнку, які быў забіты прыхільнікамі рэжыму ва ўласным двары, спрабуючы абараніць нацыянальныя сімвалы”.

„Мы маем справу з крызісам правоў чалавека небывалых для Беларусі маштабаў, які пагаршаецца з кожным днём”, аднак людзі „па-ранейшаму супраціўляюцца”, заявіла Ціханоўская. „Нашы рабочыя зарганізаваліся ў страйкавыя камітэты, дактары ўсталі на абарону калег, звольненых за палітычныя погляды, прынцыповыя міліцыянеры і следчыя звольніліся, суседзі аб’ядналіся ў маштабныя рухі”, — патлумачыла палітык.

Аднак усяго гэтага, падкрэсліла яна, недастаткова, бо „ў Лукашэнкі ўсё яшчэ засталіся рэсурсы, каб застацца ва ўладзе”. На яе думку, ЗША „павінны настойваць на спыненні гвалту, вызваленні палітвязняў, аднаўленні вяршэнства закона і пачатку рэальнага дыялогу паміж легітымнымі прадстаўнікамі беларусаў і рэжымам”. Прычым настойваць варта „не на словах, а дзеяннямі”.

„Мы заклікаем ЗША ўвесці санкцыі ў дачыненні да дзяржпрадпрыемстваў, алігархаў, суддзяў, — сказала Ціханоўская. — Санкцыі — адзін з найбольш эфектыўных спосабаў. Мы заклікаем ЗША задзейнічаць сваю дыпламатыю, каб ізаляваць Лукашэнку ў плане магчымасцяў заключаць міжнародныя пагадненні і гандляваць з іншымі краінамі. Мы заклікаем ЗША дапамагчы ў міжнароднай медыяцыі праз АБСЕ. Мы заклікаем Кангрэс разгледзець магчымасць большай падтрымкі беларусаў у іх надзённых праблемах. Народу Беларусі патрэбная падтрымка, асабліва грамадзянскай супольнасці, праваабаронцам, незалежным СМІ і бізнесам. Усе яны зазналі рэпрэсіі рэжыму”.

Дэмакратычная лідарка адзначыла, што Еўрасаюз распрацаваў комплексны план падтрымкі Беларусі ў пераходны перыяд і пасля свабодных і справядлівых выбараў. „Мы заклікаем Кангрэс ЗША далучыцца да гэтай працы і пачаць распрацоўку сумеснага „плана Маршала” для Беларусі”, — сказала яна.

„Па волі большасці беларусаў я абавязаная дамагчыся таго, каб гэта здарылася. І я заклікаю ЗША дапамагчы мне ў гэтым. Мой народ перажывае гуманітарны крызіс, людзі пакутуюць і паміраюць проста цяпер. Беларусы маюць патрэбу ў вашай дапамозе, як ніколі раней”, — заявіла Ціханоўская.

2 кастрычніка 2020 года Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі супраць васьмі беларускіх афіцыйных асоб — членаў Цэнтрвыбаркама і шэрагу сілавікоў. Пад санкцыі падпалі намеснік старшыні Цэнтрвыбаркама Беларусі Вадзім Іпатаў, сакратар ЦВК Алена Дмухайла, кіраўнік МУС Юрый Караеў (цяпер памочнік прэзідэнта па Гарадзенскай вобласці), яго намеснік і камандуючы ўнутранымі войскамі Юрый Назаранка (цяпер першы намеснік міністра ўнутраных спраў), а таксама намеснік міністра Аляксандр Барсукоў (цяпер памочнік прэзідэнта па Менску) і намеснік камандуючага ўнутранымі войскамі Хазалбек Атабекаў. Акрамя гэтага, у спісе значацца кіраўнік мінскага АМАПа Дзмітрый Балаба і начальнік ГУУС Мінгарвыканкама Іван Кубракоў (цяпер кіраўнік МУС).

22 снежня верхняя палата Кангрэса ЗША (Сенат) ухваліла законапраект „Аб суверэнітэце, правах чалавека і дэмакратыі ў Беларусі”. На падставе гэтага дакумента прэзідэнт ЗША зможа ўвесці персанальныя візавыя санкцыі супраць членаў Цэнтрвыбаркама і „ўдзельнікаў маніпуляцый на выбарах”, у дачыненні да кожнай „урадавай асобы, адказнай за пераслед незалежных СМІ”, а таксама любога датычнага да парушэнняў правоў чалавека і рэпрэсій. Пры гэтым у тлумачэнні да законапраекта ўдакладняецца, што падобныя меры могуць закрануць грамадзян любой дзяржавы, у тым ліку Расіі.

23 снежня ўпраўленне па кантролі за замежнымі актывамі (OFAC) Мінфіна ЗША наклала санкцыі на намесніка міністра ўнутраных спраў Беларусі Генадзя Казакевіча, Цэнтрвыбаркам, АМАП ГУУС Мінгарвыканкама і ГУУС у цэлым, а таксама на падраздзяленне „Альфа” Камітэта дзяржбяспекі.

belapan.by