На сустрэчу з Лукашэнкам запрошаныя прадстаўнікі толькі дзяржаўных СМІ



Дзяржаўным сродкам масавай інфармацыі трэба пераходзіць на новыя формы працы, заявіў Аляксандр Лукашэнка 10 красавіка ў Менску на сустрэчы з кіраўнікамі і калектывамі дзяржмедыя.

„Неабходнасць гэтай шчырай размовы наспела даўно, — цытуе кіраўніка дзяржавы інфармагенцтва БелТА. — Падставай для сённяшняга мерапрыемства стаў пачатак новага этапу ў вашай дзейнасці. Далей працаваць па-старому нельга”.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у сучасным свеце, дзе на першы план выходзяць не ўзброеныя сутыкненні, а інфармацыйныя войны, „сродкі масавай інфармацыі ператварылі ў зброю”, і гэта зброя „магутнейшая за ядзерную”.

У гэтых умовах, лічыць Лукашэнка, галоўная задача заключаецца ў барацьбе за розум і душы людзей. Калі імі не авалодаць, лічыць ён, „мы суверэнную і незалежную краіну ў такім класічным выглядзе ніколі не пабудуем”.

* * * 

На сустрэчу з кіраўніком дзяржавы, якая пройдзе сёння ў Белтэлерадыёкампаніі, запрошаныя прадстаўнікі толькі дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі.

Чакаецца, што сустрэча пачнецца ў 11.00. Паводле звестак прэс-службы прэзідэнта, на ёй будуць прысутнічаць больш за 130 журналістаў, якія працуюць у Белтэлерадыёкампаніі, на Другім нацыянальным канале, у „Сталічным тэлебачанні”, інфармагенцтве БелТА, рэдакцыі газеты „Советская Белоруссия”, выдавецкім доме „Звязда” і нацыянальным філіяле міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі „МІР”.

„Самыя цікавыя моманты і падрабязнасці размовы з прэзідэнтам на працягу дня будуць публікавацца на стужцы БелТА, а таксама выйдуць у эфіры навін на цэнтральных беларускіх тэлеканалах, — паведамляе прэс-служба. — У інтэрнэт-карыстальнікаў ёсць унікальная магчымасць перадаць сваё пытанне Аляксандру Лукашэнку. Дасылаць іх можна на паштовую скрыню [email protected]”.

Перад сустрэчай Лукашэнка мае намер азнаёміцца „з перспектывамі развіцця вяшчання навін, яго праінфармуюць аб тэхнічным перааснашчэнні, пераходзе на вяшчанне ў HD-фармаце”.

belapan.by

Фота БЕЛТА