На сустрэчы ў МЗС пасол Германіі запатрабаваў вызвалення палітвязняў



Пасол Германіі ў Менску Манфрэд Хутэрэр на сустрэчы з намеснікам міністра замежных спраў Сяргеем Алейнікам 28 студзеня „выкарыстаў магчымасць, каб выказаць сваю занепакоенасць адносна палітычных зняволеных і запатрабаваць іх вызвалення, спынення рэпрэсій супраць мірных дэманстрантаў і актывістаў, а таксама пачатку сапраўднага дыялогу паміж уладамі і грамадзянскай супольнасцю або апазіцыяй”, паведаміла нямецкае дыппрадстаўніцтва.

Акрамя таго, пасол выказаўся за „паскарэнне акрэдытацыі прадстаўнікоў нямецкіх СМІ” (МЗС масава пазбавіла акрэдытацыі замежных карэспандэнтаў у канцы мінулага лета, у разгар пратэстаў).

Размова прайшла „у канструктыўнай атмасферы”, „нягледзячы на разыходжанне пазіцый”.

Рэліз МЗС паводле вынікаў сустрэчы Алейніка з Хутэрэрам быў кароткі: „Бакі абмяняліся думкамі па актуальных пытаннях беларуска-германскага супрацоўніцтва і абмеркавалі перспектывы яго развіцця”.

belapan.by