На сустрэчы з Макеем дыпламаты заклікалі неадкладна вызваліць усіх палітвязняў
На сустрэчы з кіраўніком МЗС Уладзімірам Макеем 8 чэрвеня дыпламаты нагадалі аб пазіцыі сваіх урадаў у дачыненні да сітуацыі ў Беларусі, аб сродках дасягнення мірнага і ўстойлівага вырашэння палітычнага крызісу і крызісу ў галіне правоў чалавека, які развіваецца ў краіне на працягу апошняга года. Пра гэта гаворыцца ў сумесным каментары прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі і дыпмісій дзяржаў — членаў ЕЗ, а таксама пасольстваў ЗША, Вялікабрытаніі, Швейцарыі і Японіі па выніках сустрэчы. Каментар апублікаваны на старонцы прадстаўніцтва ЕЗ у „Фэйсбуку”.
„Дыпламаты адзначылі, што крызіс у Беларусі нарастае: узмацніўся пераслед апазіцыі, СМІ, грамадзянскай супольнасці і грамадства ў цэлым, у тым ліку польскай абшчыны ў Беларусі, — гаворыцца ў паведамленні. — Дыпламаты спыталі аб планах уладаў Беларусі ў дачыненні да выканання патрабаванняў Канстытуцыі краіны і міжнародных абавязацельстваў, якія тычацца фундаментальных правоў і свабод, а таксама вяршэнства права”.
Акрамя таго, дыпламаты заклікалі ўлады адгукнуцца на патрабаванні беларускага народа:
— неадкладна спыніць пераслед усіх асоб, якія ўдзельнічаюць у дэмакратычным руху, а таксама незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці; прадэманстраваць павагу да свабоды перакананняў, выказвання і сходаў;
— неадкладна спыніць адвольныя затрыманні, катаванні і бесчалавечнае абыходжанне ў дачыненні да мірных пратэстоўцаў і палітычных зняволеных;
— неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязняў і несправядліва затрыманых;
— без прамаруджвання расследаваць парушэнні правоў чалавека і прыцягнуць да суда тых, хто санкцыянаваў і ўчыняў акты гвалту, катаванняў, бесчалавечнага абыходжання і незаконныя дзеянні, якія прывялі да цялесных пашкоджанняў, траўмаў, гібелі людзей, а таксама да фармавання агульнай атмасферы беззаконня ў краіне;
— пачаць годны даверу і інклюзіўны палітычны працэс, які прывядзе да свабодных і справядлівых выбараў пад наглядам БДІПЧ АБСЕ.
„Дыпламаты таксама праінфармавалі міністра аб патэнцыяле пазітыўнага развіцця адпаведных двухбаковых адносін у тым выпадку, калі ўлады Беларусі распачнуць адчувальныя і значныя крокі па забеспячэнні захавання дэмакратычных нормаў у краіне, — гаворыцца ў каментары. — Кіраўнікі місій заклікалі ўлады краіны знаходжання ўстрымлівацца ад дзеянняў, якія перашкаджаюць дыпламатычнай супольнасці ў Беларусі ў выкананні яе звычайных дыпламатычных абавязкаў у атмасферы, свабоднай ад умяшання і запалохвання. Кіраўнікі місій таксама выказалі чаканне, што беларускі бок дазволіць калегам з Літвы, Польшчы, Латвіі, Вялікабрытаніі і ЗША, якіх папрасілі пакінуць краіну, вярнуцца ў Беларусь”.
Удзельнікі сустрэчы адзначылі, што ўрады іх краін па-ранейшаму гатовыя аказваць падтрымку і спрыяць інклюзіўнаму нацыянальнаму дыялогу ў Беларусі з мэтай дапамагчы абараніць суверэнітэт і незалежнасць краіны, а таксама забяспечыць яе бяспечную, дэмакратычную і квітнеючую будучыню. „На думку трансатлантычнай супольнасці нацый, краевугольным каменем суверэнітэту з`яўляюцца згода (а не падпарадкаванне) грамадзян, сацыяльная салідарнасць і бяспека, дынамічныя інстытуты і свабодная прэса”, — гаворыцца ў каментары.
Прэс-служба МЗС Беларусі пакуль ніяк не пракаментавала гэтую сустрэчу.