На Валерыя Цапкалу распачалі яшчэ адну крымінальную справу
На Валерыя Цапкалу распачалі яшчэ адну крымінальную справу. На гэты раз „за заклікі да дзеянняў, якія ствараюць шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь”.
Прэс-служба Следчага камітэта нагадвае, што расследуецца крымінальная справа аб забойстве ў Менску афіцэра КДБ. І пасля гэтай трагедыі „розныя дэструктыўна настроеныя асобы, якія знаходзяцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь, сталі заклікаць да гвалту ў дачыненні да праваахоўнікаў і нават да забойстваў”.
СК заяўляе, што 29 верасня Цапкала змясціў у інтэрнэце відэа, у якім назваў забойства сілавіка „прыкладам таго, як трэба змагацца”. Таксама сцвярджаецца, што ён „публічна заклікаў да ўзброенага захопу дзяржаўнай улады”.
Следчы камітэт паведаміў, што крымінальную справу аб’ядналі з вытворчасцю па справе аб карупцыі, раней распачатай у дачыненні Валерыя Цапкалы. Ён быў аб’яўлены ў вышук. Аднак Латвія, у якой жыў з сям’ёй Цапкала, адмовілася яго выдаць. Пазней Цапкалы выехалі ў Грэцыю.
Валерый Цапкала — былы кіраўнік беларускага Парка высокіх тэхналогій, экс-амбасадар Беларусі ў ЗША. Летась ён паспрабаваў паўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах у якасці кандыдата, але не быў зарэгістраваны.
Цапкала разам з сям’ёй пакінуў краіну пасля атрымання інфармацыі аб магчымым затрыманні.