На Вольгу Кавалькову ціснуць за выкарыстанне нацыянальнай сімволікі



На ініцыятыўную групу кіраўніка менскага аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Вольгу Кавалькову, якая балатуецца па Дамброўскай акрузе №103, напісана дзве скаргі. У віну ёй ставяць выкарыстанне на пікетах бел-чырвона-белых сцягоў – незарэгістраванай сімволікі, як гаворыцца ў скаргах. У акруговай камісіі ад Вольгі Кавальковай запатрабавалі тлумачэнняў:

– Я лічу канешне, што гэта ціск, так можна за любую сімволіку, нават за вышыванку, трабаваць ад чалавека  тлумачэнняў. Я думаю, што ўлады ўжо пачалі ціск на незалежных і моцных кандыдатаў, таму што самі бачаць сітуацыю, калі сённяшняя ўлада нікому не цікавая.

Таму Вольга Кавалькова лічыць, што падобныя прыдзіркі па розных прычынах будуць працягвацца.

Па меркаванні каардынатара кампаніі „Праваабаронцы за свабодыя выбары” Уладзіміра Лабковіча, ніякіх прэтэнзій з нагоды выкарыстання нацыянальнай беларускай сімволікі быць не павінна:

– Трэба ўлічваць, што ўжо склалася практыка, калі  выкарыстанне бел-чырвона-белых сцягоў не цягне за сабой якіх-небудзь адміністрацыйных наступстваў. Ужо прайшло шмат кампаній, і бел-чырвона-белы сцяг ужо замацаваўся як атрыбут дэмакратычнай апазіцыі, які яна выкарыстоўвае падчас масавых кампаній, электаральных акцыяў.

Таму, калі факты ціску на ініцыятыўныя групы з-за выкарыстання бел-чырвона-белых сцягоў маюць месца, яны з’яўляюцца незаконнымі і іх трэба абскарджваць, – лічыць Уладзімір Лабковіч.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота epramova.org