На які вынік можа разлічваць «цяжкавагавік» Бабарыка?



Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў мяркуе, што «Віктар Бабарыка – чалавек сістэмы».

Банкіра Віктара Бабарыку, які сабраў у сваю ініцыятыўную групу больш за 8 тысяч чалавек, называюць «цяжкавагавіком» і «рэальным канкурэнтам» для дзеючага кіраўніка Беларусі. На што ў выніку можа разлічваць спадар Бабарыка?

Рыгор Кастусёў: Найперш хачу сказаць, што ў мяне не вельмі добрае стаўленне да людзей, якія дазваляюць сабе рабіць неадназначныя і недарэчныя заявы, якія тычацца роднай мовы ці незалежнасці Беларусі. Мне такія асобы абсалютна нецікавыя.

РР: Але ці мае чалавек шанцы перамагчы на гэтых выбарах Лукашэнку, які правіць краінай ужо больш за 25 гадоў?

Рыгор Кастусёў: Пры сённяшняй сістэме выбараў няма ніводнага шанца. Выбарчая кампанія ёсць, а выбараў няма. Калі не лічаць галасы, то пра якую канкурэнцыю і «рэальных канкурэнтаў» можна казаць?

Але многія нават мае знаёмыя чамусьці проста ў захапленні ад кандыдатуры банкіра, не зважаючы на тыя крокі, што ён рабіў раней.

Думаю, калі паступіць рэальная пагроза для спакою і фінансавага дабрабыту многіх кандыдатаў, яны першымі ж паедуць віншаваць Лукашэнку з чарговай перамогай.

Мяркую, гэта людзі адной сістэмы і не варта ад іх чакаць вялікіх подзвігаў на карысць нашай краіны. Гэта спектакль, якія разыгрываецца Адміністрацыяй прэзідэнта на карысць кіраўніка Беларусі. Пра шанцы на перамогу іншых кандыдатаў нават не варта казаць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя