На захопленых тэрыторыях РФ стварыла 20 фільтрацыйных лагераў і турмаў
Кіраўнік украінскай місіі ў АБСЕ распавёў пра выпадкі катаванняў, пра гендарны гвалт, выкраданні людзей.

Расейскія захопнікі стварылі не менш за 20 фільтрацыйных лагераў і турмаў на часова акупаваных тэрыторыях Украіны.
Пра гэта заявіў пастаянны прадстаўнік Украіны пры міжнародных арганізацыях у Вене Яўген Цымбалюк на пасяджэнні Пастаяннага савета АБСЕ, піша «Укрінфарм».
«Ёсць яшчэ шмат месцаў, дзе злачынствы не спыняюцца. На акупаваных тэрыторыях выяўлена не менш як 20 фільтрацыйных лагераў і турмаў», — сказаў ён.
Украінскі пасол нагадаў пра турму «Ізаляцыя» ў акупаваным Данецку: «Мы вельмі добра ведаем пра жахі, якія там робяцца». «І таму мы павінны спыніць распаўсюджванне Расеяй гэтай турмы па ўсёй Украіне», — падкрэсліў Цымбалюк.
Кіраўнік украінскай місіі ў АБСЕ таксама расказаў пра выпадкі катаванняў, гендарны гвалт, выкраданні людзей, што стала «часткай расейскай палітыкі па здзеку з жыхароў акупаваных тэрыторый Украіны».
«Пакуль Херсонская і Запарожская вобласці, па словах праваабаронцаў, з’яўляюцца аднымі з лідараў па колькасці выкраданняў расейскімі вайскоўцамі ва Украіне», — заявіў амбасадар, прывёўшы шэраг прыкладаў.
Раней паведамлялася, што ў Энергадары расейцы выкралі за тыдзень 20 чалавек, палова — працаўнікі Запарожскай АЭС.
Паводле Польскага Радыё
