Набліжаецца 15 сакавіка – Дзень Канстытуцыі
Набліжаецца 15 сакавіка, Дзень Канстытуцыі, – асноўнага Закона Рэспублікі Беларусь. Дакумент, які павінен быць настольнай кнігай для кожнага Беларуса.
Але, як паказала апытанне на вуліцах Берасця, людзі скептычна ставяцца да законаў пра іх правы, таму што яны не выконваюцца дзяржавай:
– Я лічу што Канстытуцыя створаная для таго, каб абараняць правы людзей. І мне, як чалавеку, які жыве ў цэнтры Еўропы хацелася, каб мае правы нейкім чынам дзяржавай рэгаментаваліся .
– Дэ-юрэ – абараняе правы, а дэ-факта – не заўсёды.
– Дзень Канстытуцыі. Знікла ў нас гэтае свята, бо Лукашэнка няправільна сябе паводзіць, трэба жыць для народа.
Паводле юрыста-праваабаронцы Уладзіміра Малея, пра Канстытуцыю ў Беларусі згадвае толькі Канстытуцыйны суд. А вось у судовых рашэннях, як паказвае практыка, не было ніводнай спасылкі на канстытуцыйныя законы.
«Забыта суддзямі тое, што па Канстытуцыі суд павінен быць незалежным і аб’ектыўным», – кажа Уладзімір Малей:
– Грамадзянін прыходзіць у суд, спадзяецца на незалежнасць суда, а на самай справе – вынік сумны – парушаюцца правы чалавека, а абараняецца сіла ўлады.
Беларуская Канстытуцыя закліканая гарантаваць кожнаму грамадзяніну свабоды і правы, неабходныя для працы, прыстойнага жыцця і гарманічнага ўсебаковага развіцця асобы.
Беларускае Радыё Рацыя