Набыло моц рашэнне РФ аб усталяванні пагранічных зон на мяжы з Беларуссю



Сёння набыло моц рашэнне Федэральнай службы бяспекі Расеі аб усталяванні пагранічных зон на тэрыторыі РФ, якая мяжуе з Беларуссю. Адпаведныя загады былі падпісаны дырэктарам ФСБ Аляксандрам Бортнікавым 29 снежня 2016 года.

У загадах пагранічая зона дэталёва прапісаная для кожнага раёна на тэрыторыі трох расійскіх абласцей — Пскоўскай, Смаленскай, Бранскай — і прывязаная да геаграфічных каардынат. Пагранупраўленням ФСБ у гэтых рэгіёнах загадана ўстанавіць месцы і час для ўезду транспартных сродкаў і праходу асоб у пагранічную зону, а таксама ўстанавіць на ўездах у пагранзону папераджальныя знакі.

Раней пагранзона ў Пскоўскай вобласці праходзіла па ўзбярэжжы Пскоўскай-Чудскага возера і ўздоўж сухапутнай мяжы Расіі з Латвіяй і Эстоніяй, у Бранскай — вузкай паласой уздоўж мяжы з Украінай. У Смаленскай вобласці, якая цалкам прылягае да Беларусі, пагранічнай зоны не было зусім.

У пагранслужбе ФСБ РФ сцвярджаюць, што беларускіх грамадзян новаўвядзенне не закране. „Для грамадзян Беларусі, якія перасякаюць мяжу з Расіяй, усё застанецца як раней: пры сабе трэба мець толькі пашпарт, ніякіх дадатковых дакументаў не патрабуецца”, — заявіў 2 лютага ў каментары БелаПАН прадстаўнік пагранслужбы ФСБ. Рашэнне расійскага боку тычыцца грамадзян трэціх краін, якія едуць з Беларусі ў Расею, падкрэсліў ён.

У пагранслужбе ФСБ таксама адзначылі, што на мяжы з Беларуссю пакуль не будзе ніякіх пунктаў пропуску — ва ўсіх асоб, якія ўязджаюць, толькі будуць правярацца пашпарты. Пашпартная праверка будзе праводзіцца пры перасячэнні мяжы і ў цягніках.

Між тым прэзідэнт Беларусі назваў рашэнне ФСБ Расіі чыста палітычным выпадам. „Яны ад каго мяжу сёння закрываюць? Што гэта за пагранічная зона ў 30 кіламетраў? Яны што, лепш абараняюць мяжу, чым мы? У тысячу разоў горш. І ў іх ёсць дзе абараняць мяжу. Гэта, я лічу, чысты палітычны выпад”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і СМІ 3 лютага.

У ФСБ адным росчыркам пяра паставілі крыж на міжнародных дамоўленасцях, дадаў ён. Паводле слоў Лукашэнкі, дзеянні Расеі могуць выліцца ў сур’ёзны канфлікт — Беларусь у адказ прыме адэкватныя меры, якія будуць тычыцца эканомікі, мытнай сферы, „наогул кантролю мяжы”.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: „Але расіяне могуць быць упэўнены, што яны як прыязджалі ў Беларусь, так і будуць прыязджаць. Гэта я цвёрда гарантую. Яны, можа, і хацелі б, каб мы прынялі дзеянні ў адказ, і гэтым самым неяк нашых братоў рускіх, расіян абмяжоўвалі ў перамяшчэнні на гэтай мяжы. Але мы ніколі на гэта не пойдзем”.

Як лічыць Лукашэнка, рашэнне аб пагранзоне Расея прыняла ў адказ на ўвядзенне Беларуссю бязвізавага рэжыму на пяць дзён для грамадзян 80 дзяржаў (указ прэзідэнта № 8 „Аб усталяванні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян” быў падпісаны 9 студзеня гэтага года). Расію, паводле яго слоў, закранула тое, што Беларусь прыняла рашэнне пра бязвізавы рэжым самастойна. Аднак, нягледзячы на тое што Беларусь як „суверэнная, незалежная краіна” мае права прыняць такое рашэнне, яно было ўзгоднена з расійскім бокам, дадаў кіраўнік дзяржавы.

БелаПАН