Начальнікі генштабоў Беларусі і Італіі абмеркавалі пытанні супрацоўніцтва



8 кастрычніка адбылася тэлефонная размова начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл — першага намесніка міністра абароны Беларусі генерал-маёра Алега Белаконева з начальнікам Генеральнага штаба Узброеных сіл Італіі генералам Энца Вечарэлі.

Як паведамляе прэс-служба Мінабароны, размова адбылася па ініцыятыве італьянскага боку „з мэтай развіцця ваенных кантактаў, устаноўленых падчас удзелу беларускай вайсковай дэлегацыі ў 3-й канферэнцыі ААН для начальнікаў генеральных штабоў па пытаннях міратворчасці”. Канферэнцыя прайшла 10—11 ліпеня ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку з удзелам начальнікаў генштабоў 113 краін і чатырох рэгіянальных арганізацый.

Белаконеў і Вечарэлі абмеркавалі „пытанні развіцця ўзаемадзеяння ў галіне міратворчасці, а таксама правядзенне мерапрыемстваў, накіраваных на ўмацаванне двухбаковага ваеннага супрацоўніцтва”, паведамляе беларускае абароннае ведамства.

belapan.by