Надзея Саўчанка далучыцца да менскіх перамоў? (абноўлена)
Надзея Саўчанка збіраецца ў Менск. Вызваленая з расейскага палону ўкраінская лётчыца можа прыняць удзел у перамовах кантактнай групы па Данбасе. Гэта можа адбыцца ўжо на наступным тыдні.
Удзел Саўчанкі ў перамовах прывядзе да іх паскарэння ці абвастрэння? На гэты конт разважае палітолаг Уладзімір Мацкевіч.
– Саўчанка – гераічная жанчына. Але я не думаю, што яна добры перамоўшчык. Яе як знакавую, сімвалічную фігуру можна запрашаць на такія сустрэчы, але ж не на першых ролях. Больш за тое, сёння Саўчанка яшчэ выходзіць са стану палітзняволенай, са стану змагання, якое ёй далося цяжка. Паводле мяне, ёй лепш зараз трохі адпачыць, азнаёміцца з тымі зменамі, што адбыліся ва Украіне, а ўжо пасля гэтага думаць пра тое, каб займацца сапраўднай справай.
Сваё меркаванне выказвае палітолаг Юры Чавусаў:
– З украінскага боку, відавочна, спадарыня Саўчанка – гэта палітычны фактар. Сам яе ўдзел у перамовах, канешне, не радыкалізуе, а больш палітызуе іх. Напэўна, сітуацыя будзе менш схільная да кампрамісу. Бо Надзея Саўчанка толькі што выйшла з-за кратаў. Яе трымалі тыя людзі, з якімі ёй давядзецца сустракацца ў Менску ці прысутнічаць на перамовах з гэтымі людзьмі.
„Надзея Саўчанка не палітык, але палітычная фігура. Яе ўдзел у перамовах па Данбасе не паспрыяе кампрамісу,” – лічыць Юры Чавусаў. Тым больш, што Масква зараз абрала канструктыўную пазіцыю і нібыта гатова, каб самаабвешчаныя ДНР і ЛНР вярнуліся пад кантроль Кіева. Абменам можа стаць зняццё санкцыяў з Расеі альбо прызнанне Крыма дэ-факта расейскай тэрыторыяй.
Між тым, Надзея Саўчанка ўжо заявіла, што калі ўкраінцы гэтага хочуць, то яна гатовая стаць прэзідэнтам. Хаця больш яна жадае па-ранейшаму служыць у авіяцыі.
Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя