Надзея Саўчанка: Расею трэба спыніць цяпер, бо потым будзе позна
Лётчыца і народны дэпутат Украіны Надзея Саўчанка, якая 2 гады незаконна ўтрымлівалася ў расейскай турме, сябра ўкраінскай дэлегацыі на саміце НАТО.
Напярэдадні саміта Надзея Саўчанка сустрэлася з грамадскасцю Варшавы. Сваю прамову яна пачала з падзякі тым людзям, якія дамагаліся яе вызвалення:
– Дзякуй усяму польскаму народу і ўкраінскай дыяспары ў Польшчы, дзякуй усім сумленным, свядомым і годным людзям з усяго свету, дзякуй за тую падтрымку, якую вы мне аказалі. Мы з вамі пабачылі, як складана вырваць аднаго чалавека з лап узурпатара. На жаль, такіх людзей большае штодня. Аддаўшы мяне, Расея ўзяла яшчэ 14 чалавек, 14 крымскіх татараў.
Надзея Саўчанка паказала ліст з партрэтамі ўкраінцаў, незаконна ўвязненых у Расеі, і сказала, што будзе змагацца за свабоду кожнага з іх. Пасля кароткай прамовы пасыпаліся пытанні з залы.
Напачатку запыталіся пра ўмовы яе ўтрымання ў турме. Лётчыца адзначыла, што правяла 2 гады ў адзіночнай камеры:
– Я ніколі не скарджуся і не кажу, што гэтага нельга было вытрымаць. Раз я вытрымлівала, значыць гэта было магчыма. Да мяне прымянялі менш фізічных катаванняў, чымся да хлопцаў, мяне выпрабоўвалі ізаляцыяй і маральным ціскам. Пагражалі пасадзіць сястру ў вязьніцу, калі я не пагаджуся працаваць. Следчы пагражаў “небам у клетку”, як ён казаў, прапаноўвалі прызнаць сваю віну.
Узгадваючы свой удзел у АТО, Надзея Саўчанка зазначыла, што, выконваючы свой абавязак жаўнеры не павінны хацець забіваць, жаўнеры павінны хацець бараніць:
– Мы не гаворым за кожнага, але я магу вам сказаць за сябе, і так павінна быць – калі жаўнер страляе, ён павінен жадаць бараніць, у тым ліку сябе. Мы не нападалі на Расею, я не ішла са зброяй забіваць расейскіх людзей на тэрыторыі Расеі. Я бараніла сваю зямлю. Мне даводзілася страляць у расейцаў, бо яны прыйшлі на маю зямлю, стралялі мой народ і стралялі ў мяне.
У Варшаву Надзея Саўчанка, прафесійны вайсковец і дэпутат Вярхоўнай Рады, прыехала ў якасці сябра ўкраінскай дэлегацыі на саміце НАТО. Напярэдадні сустрэчы, лідары Альянсу ўжо абяцалі, што абмяркуюць пытанне дапамогі Украіне. Надзея Саўчанка абяцае нагадаць, што ва Украіне ўсё яшчэ ідзе вайна:
– На саміце НАТО я буду спрабаваць данесці тыя самыя мэсэджы – зло трэба спыняць сусветнай высокай свядомасцю цывілізаванага дэмакратычнага свету. Для гэтага ёсць розныя метады: палітычныя, эканамічныя, на самы жахлівы канец – фізічныя. Я лічу, што можна распрацаваць стратэгію, якая дазволіць недарагім коштам і меншай колькасцю пралітай крыві спыніць агрэсара і наладзіць міжнародныя прававыя адносіны на адносна стойкім і высокім узроўні. Не можа быць у трэцім тысячагоддзі вайны ў Еўропе.
Таксама Надзея Саўчанка зазначыла, што расейская агрэсія павінна быць спынена ва Украіне менавіта цяпер, бо потым можа быць запозна:
– Расейская прапаганда мае вялікі бюджэт, які адбірае ад свайго народа. Улада мучыць і душыць свой народ, забіраючы грошы, каб весці агрэсіўную міжнародную палітыку. Україна не мае такіх сродкаў, каб укідваць іх у міжнародную палітыку, у інфармацыйную прастору.
Я вельмі спадзяюся, што свет надалей будзе падтрымліваць Украіну для таго, каб спыніць зло на мяжы Расеі з Украінай, а не паміж Расеяй і Польшчай, а далей – Расеяй і Францыяй, Расеяй і Англіяй. Гэта трэба ясна разумець і ні ў якім разе не здаваць прынцыпы.
На пытанне з залі, ці не варта пакінуць у спакоі акупаваныя тэрыторыі з прарасейскім насельніцтвам і развіваць асноўную частку Украіны, якая кантралюецца ўкраінскімі ўладамі, Надзея Саўчанка адказала, што вызвалення Данбасу і Крыму чакаюць украінскія грамадзяне, якія былі вымушаны адтуль уцекчы:
– Не ўсё ў нас так дрэнна. У нас ёсць мільён трыста тысячаў унутраных мігрантаў з Луганска і Данецка, гэта праўкраінскія грамадзяне, і яны былі вымушаны пакінуць сваё жытло, якое зараз рабуюць, яны былі вымушаны пакінуць сваю зямлю, свой дом, таксама як і людзі з Крыму. Чаму гэтыя людзі не маюць права вярнуцца дахаты і мець свой мірны дом? Нам цяпер нельга здаваць гэтыя тэрыторыі, нам трэба адваяваць іх назад. Я не бачу сэнсу мець сваё Прыднястроўе ў доўгачасовай перспектыве, як гэта выйшла ў Малдове. Гэта не будзе гісторыя, як з падзеленай Нямеччынай, гэта будзе гісторыя Малдовы з Прыднястроўем.
Адзін з удзельнікам сустрэчы з народным дэпутатам задаў вострае пытанне – ці не выгодна было б Украіне падтрымаць Віктара Януковіча і пайсці на хаўрус з Расеяй, якая давала 15 мільярдаў даляраў, у той час як Еўразвяз не быў у стане запрапанаваць ніякай вялікай дапамогі? Лётчыца адказала гэтаксама востра:
– Пятнаццаць мільярдаў Расея дала аднаму чалавеку Януковічу і яго паплечнікам, Азараву і яго кланам. А за гэтыя пятнаццаць мільярдаў Україна плоціць крывёй. Калі вы задаеце такое пытанне, то я вас запытаюся: ці гатовы вы ўступіць у унію, з’яднацца з тым, хто ў вас страляў, хто забіваў побач з Вамі людзей? Я не гатова.
Расея дае грошы тым людзям, якія гатовы яе падтрымліваць і лізаць ёй боты. А я не гатова ні перад кім стаяць на каленях, бо я ўкраінка, і лізаць боты я таксама не гатова.
Напрыканцы сустрэчы Надзея Саўчанка перапрасіла палякаў за ўсе злачынствы, здзейсненыя ўкраінцамі ў дачыненні да палякаў, і адзначыла, што ўкраінцы выбачаюць усе крыўды, нанесеныя палякамі ў мінулым.
– Я хачу, каб мы пачалі чуць адно аднаго і пачалі чуць шчыра, без камяня за пазухай . Я сапраўды хачу, каб мы жылі ў міры, і каб усё было на карысць нашым будучым пакаленням.
Зала сустрэла гэтыя словы моцнымі апладысментамі.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава
Фота: Лешэк Імельскі