Надзея Саўчанка спыніла сухую галадоўку
На рашэнне Надзеі Саўчанкі спыніць галадоўку паўплывала просьба прэзідэнта Украіны і „ўсіх, хто яе падтрымаў”, заявіў адвакат украінскай ваеннаслужачай Мікалай Полазаў.
Надзея Саўчанка (Фота Reuters)
Украінская ваеннаслужачая Надзея Саўчанка, якую ў Расеі судзяць па справе аб гібелі журналістаў ВГТРК у Данбасе, спыніла сухую галадоўку, паведаміў ria.ru яе адвакат.
„На яе рашэнне паўплывала асабістая просьба Пятра Парашэнкі і ўсіх, хто яе падтрымаў па ўсім свеце”, – сказаў суразмоўца агенцтва. Паводле яго словаў, Саўчанка толькі пачала піць ваду, але ежу па-ранейшаму прымаць адмаўляецца. Пасля вынясення прысуду, абвяшчэнне якога адбудзецца 21-22 сакавіка, лётчыца зноў мае намер аб’явіць сухую галадоўку, заявіў адвакат.
Саўчанка патрабуе, каб яе вярнулі ва Украіну. У апошнім слове яна нагадала Пятру Парашэнку, што ён абяцаў зрабіць гэта яшчэ да траўня 2015 года.
Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў сказаў, што не ведае пра якія-небудзь звароты адносна абмену Саўчанкі на кагосьці з арыштаваных ва Украіне грамадзян Расеі. Афіцыйны прадстаўнік МЗС Марыя Захарава таксама паведамляла, што размовы аб абмене Саўчанкі не вяліся і не вядуцца.
Парашэнка ў сваю чаргу заяўляў, што Кіеў не атрымліваў ніякіх прапановаў аб абмене, але гатовы да гэтага.