Надзею Саўчанку абмяняюць на „байцоў ГРУ”



Як паведаміў РБК федэральны чыноўнік і пацвердзіў суразмоўца, блізкі да кіраўніцтва Савета Федэрацыі, Масква перадасць Надзею Саўчанку ва Украіну для адбыцця пакарання, а Кіеў верне Расеі двух асуджаных ваенных, Аляксандра Аляксандрава і Яўгена Ерафеева, якія лічацца ва Украіне «байцамі ГРУ».

540482

Гэтыя працэсы будуць сінхранізаваныя, але адбудуцца толькі пасля таго, як прысуд Аляксандраву і Ерафееву ўступіць у сілу – гэта значыць не раней за сярэдзіну траўня.

Па расейскім законе прысуд уступае ў сілу праз дзесяць дзён пасля абвяшчэння, калі не былі пададзеныя апеляцыйныя скаргі, па ўкраінскім законе – праз 30 дзён. І калі судовае рашэнне ў адносінах да Саўчанкі ўжо ўступіла ў сілу 5 красавіка, то прысуд Аляксандраву і Ерафееву ўступіць толькі ў сярэдзіне траўня, калі не будзе да гэтага абскарджаны.

«Павінны прайсці тэрміны працэдуры абскарджання. Таму да траўня ўсё павісне », – сказаў суразмоўца ў Савеце Федэрацыі. Па словах суразмоўцы РБК, у далейшым акрамя Саўчанкі будзе абмяркоўвацца абмен яшчэ некалькіх расейцаў.

Фота obozrevatel.com