Надзею Саўчанку пазбавілі дэпутацкай недатыкальнасці і затрымалі
Народную дэпутатку Ўкраіны Надзею Саўчанку затрымалі праваахоўнікі ў кулуарах Вярхоўнай Рады.
Пасля таго, як нардэпы далі згоду на прыцягненне да крымінальнай адказнасці, затрыманне і арышт Саўчанкі, яна выйшла на вуліцу, дзе паразмаўляла з мітынгоўцамі, а таксама з маці і сястрой Верай.
Надзея Саўчанка перадала сястры сваю Зорку Героя Ўкраіны, пасля гэтага вярнулася ў будынак парламенту.
Потым у суправаджэнні следчага Саўчанка пешшу накіравалася да будынку ўпраўлення СБУ.
***
Вярхоўная Рада Ўкраіны дазволіла прыцягнуць пазафракцыйную народную дэпутатку Надзею Саўчанку да крымінальнай адказнасці.
За гэта прагаласаваў ажно 291 народны дэпутат Рады, супраць – толькі 11.
Прадстаўленне пра даванне згоды на затрыманне падтрымалі 277 нардэпаў, супраць прагаласавала 11 парламентароў.
Даванне згоды на арышт Саўчанкі падтрымалі 268 дэпутатаў, супраць выступіла 10.
Пасля галасавання Надзея Саўчанка выйшла з будынку Рады.
Раней, 15 сакавіка, генпракурор краіны Юрый Луцэнка заявіў, што нардэп планавала ў будынку Вярхоўнай Рады тэракт.
У той жа дзень нардэп ад Блоку Пятра Парашэнкі Ірына Луцэнка расказала, што Саўчанку вывелі з сесійнай залы парламента з-за „пагрозы для прысутных”. „Украінская праўда” пісала, што Саўчанка прынесла ў Вярхоўную Раду тры гранаты і пісталет.
17 сакавіка Саўчанка заявіла, што ведала пра яе праслухоўванне і пра тое, што супраць яе рыхтуецца правакацыя.
Цягам паседжання 22 сакавіка рэгламентнага камітэту Юрый Луцэнка заявіў, што Саўчанка і кіраўнік „Афіцэрскага корпусу” Уладзімір Рубан уступілі ў змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады ва Ўкраіне. Па словах генпракурора, пра пастаўку зброі яны дамовіліся з верхаводнікам баевікоў ДНР Аляксандрам Захарчанкам.
Рубана затрымалі 8 сакавіка ў кантрольным пункце „Маёрскае” у Данецкай вобласці за нелегальную перавозку буйнай партыі зброі, схаванай у мэблі, на падкантрольную Кіеву тэрыторыю.
9 сакавіка яму выставілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 263 (незаконнае абыходжанне са зброяй), ч. 1 арт. 14 (падрыхтоўка злачынства), ч. 3 арт. 258 (тэрарыстычны акт) Крымінальнага кодэксу і арыштавалі на 60 сутак без права выхаду пад залог. Абарона абскардзіла гэтае рашэнне, але Апеляцыйны суд Кіева пакінуў Рубана пад вартай.
Паводле даных СБУ, Рубан планаваў абстрэл з мінамётаў і гранатамётаў будынкаў Вярхоўнай Рады і Адміністрацыі Прэзідэнта, а таксама збройныя напады на жыллё прэзідэнта Пятра Парашэнкі, галавы МУС Арсена Авакава, экс-прэм’ер-міністра Арсеня Яцэнюка і сакратара СНБА Аляксандра Турчынава.
Беларускае Радыё Рацыя