Найміты Вагнера пакінулі Растоў-на-Доне
Найміты ПВК „Вагнер”, якія ў ноч на суботу занялі будынак штаба Паўднёвай ваеннай акругі ў Растове-на-Доне і прылеглую тэрыторыю, вечарам 24 чэрвеня пачалі пакідаць горад.

Пра гэта паведамляюць карэспандэнты СМІ з месца падзей. Найміты пачалі пакідаць Растоў пасля таго, як іх кіраўнік Яўгеній Прыгожын аб’явіў пра завяршэнне так званага „маршу справядлівасці” і зыходу ў палявыя лагеры.
Крымінальная справа супраць Прыгожына будзе спыненая. Таксама, расейскія ўлады не будуць пераследаваць тых вагнераўцаў, якія ўзялі ўдзел у мяцяжы. Вядома, што вагнераўцы падчас свайго маршу забілі некалькі расейскіх вайскоўцаў.
Як піша расейская служба „Радыё Свабода” з спасылкай на пракрамлёўскае выданне „Ридовка”, у суботу ў выніку баёў з наймітамі загінулі 15 расейскіх вайскоўцаў. Ідзецца пераважна пра лётнікаў. Пра страты сярод наймітаў „Вагнера” не паведамлялі.
