НАК просіць Міжнародны камітэт прыпыніць членства беларускага Чырвонага Крыжа
Народнае антыкрызіснае кіраванне (НАК) звярнулася ў Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа (МКЧК) з просьбай прыпыніць членства Беларускай арганізацыі Чырвонага Крыжа ў федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, паведамляецца ў тэлеграм-канале НАК.
Акрамя таго, НАК просіць МКЧК ліквідаваць фінансавую падтрымку беларускай арганізацыі, накіраваўшы сродкі наўпрост тым, хто мае патрэбу, і разгледзець матэрыялы аб парушэнні ёй прынцыпаў нейтральнасці і незалежнасці.
Паведамляецца, што звароту папярэднічала кампанія #TyrannyPoisonsRedCross, якую прадстаўнікі беларускай дыяспары ініцыявалі ў сацыяльных сетках, „каб звярнуць увагу сусветнай грамадскасці на ўдзел Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа ў фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў”.
Народнае антыкрызіснае кіраванне падтрымала гэтую кампанію і накіравала ў МКЧК ліст, у якім „выкладзеныя факты, якія пацвярджаюць удзел БТЧК у масавых фальсіфікацыях на выбарах 9 жніўня”.
„Падчас выбараў прэзідэнта ў склад участковых выбарчых камісій увайшлі 2.998 чалавек як прадстаўнікі БТЧК, — гаворыцца ў паведамленні НАК. — 2.532 з іх ужо ўдзельнічалі ў парламенцкіх выбарах у 2019 годзе. Вось толькі чвэрць гэтага спіса тады вылучаліся ў камісіі ад іншых арганізацый. На 362 участках, дзе працавалі вышэйадзначаныя прадстаўнікі БТЧК, платформа „Голас” даказала факты фальсіфікацый — колькасць фота бюлетэняў з галасамі за Святлану Ціханоўскую перавысіла колькасць залічаных за яе галасоў у пратаколах, падпісаных членамі камісій. Масавыя рэпрэсіі — адно з наступстваў гэтых фальсіфікацый”.
„Паводле дадзеных Фонду медыцынскай салідарнасці, пасля выбараў 2020 года 35 медыкаў звольнілі за грамадзянскую пазіцыю, больш за 200 медыкаў затрымалі за ўдзел у мірных акцыях. Медсястра Юлія Кашаверава і студэнт БДМУ Уладзіслаў Марціновіч знаходзяцца ў турме па крымінальных справах. Урача Арцёма Сарокіна прыгаварылі да двух гадоў пазбаўлення волі і штрафу толькі за тое, што ён шчыра паведаміў пра стан Рамана Бандарэнкі”, — нагадалі ў НАК пра некаторыя наступствы жнівеньскіх падзей.
Народнае антыкрызіснае кіраванне было створанае ў канцы кастрычніка мінулага года членам прэзідыума Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне, былым чыноўнікам і дыпламатам Паўлам Латушкам з ухвалы КР, сфармаванай па ініцыятыве Святланы Ціханоўскай.
На сайце НАК гаворыцца, што яно было створанае для „ліквідацыі прычын крызісу, падрыхтоўкі да адстаўкі Лукашэнкі„, а таксама для „падрыхтоўкі інстытутаў улады да пераходнага перыяду”.