Наколькі Беларусь надзейны партнёр для Кітая?



Аляксандр Лукашэнка наведвае Кітайскую Народную Рэспубліку. І заяўляе, што Беларусь – “даўні і надзейны партнёр Кітая”. Сёння ж была падпісана дырэктыва пра развіццё дачыненняў Беларусі з Кітаем.

si2-k9ca8

У дакуменце адзначаецца, што дзяржавы будуць падтрымліваць адна другую, сярод іншага, у пытаннях суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці. Якім чынам Кітай зможа падтрымаць беларускі суверэнітэт? Адказвае міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

– У першую чаргу, сваімі славутымі крэдытамі. Але я нічога надзвычайнага ў гэтым дакуменце не бачу. Кітаў заўсёды падтрымліваў і падтрымлівае суверэнітэт не толькі Беларусі і Расеі. А калі хтосьці спадзяецца на антыамерыканізм Кітая, то вельмі памыляецца. Дастаткова паглядзець на таваразварот паміж Кітаем і ЗША ды Кітаем і Расеяй. І я ўжо не кажу пра таваразварот з Беларуссю.

Між тым, міжнародны аналітык сумняецца, што па выніках візіту Лукашэнка дасць згоду пасяліцца ў Беларусі большай колькасці кітайскіх рабочых:

– Я б не перабольшваў тут нічога. Кітайцы вельмі спакойна ажыццяўляюць сваю экспансіянісцкую палітыку ў сусвеце. І Беларусь у гэтай палітыцы выглядае як адна з не вельмі значных краін.

За апошнія гады кітайская прысутнасць у Беларусі стала нашмат больш адчувальнай. Пекін ужо вылучыў беларускаму ўраду шматмільярдныя крэдыты, якія падтрымліваюць Кітайска-беларускі індустрыяльны парк пад Смалявічамі, завод кітайскіх аўтамабіляў «БелДжы» ў Барысаве, фабрыку ў Добрушы ды шэраг іншых. У перспектыве беларуская эканоміка атрымае 15 мільярдаў даляраў ад Кітая.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя