Наладжванне адносінаў з Захадам пачалося з падачы Пуціна
Цяперашняе абвастрэнне адносін паміж Беларуссю і Расеяй, верагодна, звязанае з пэўнай насцярожанасцю з расейскага боку, што „Лукашэнка павярнуўся на Захад” і „Беларусь сыходзіць”, заявіў беларускі кіраўнік 3 лютага ў Менску на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і СМІ.
У беларуска-расейскіх адносінах, сказаў Лукашэнка, апошнім часам „сітуацыя развіваецца няважна”. Ён перакананы, што ў Расеі дзейнічаюць „розныя сілы”, пра словы і ўчынкі якіх можа не ведаць прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін. „На жаль, яны (розныя сілы.) сёння розныя і ў кіраўніцтве краіны. Вельмі дрэнна, што некаторыя рэчы разыходзяцца з меркаваннем або рашэннямі самога прэзідэнта. Я пра гэта свайму сябру часта кажу, гэта ўжо нікуды не варта”, — сказаў афіцыйны лідар.
„Макея (міністр замежных спраў.) пачалі дубасіць, што ён тут галоўны вораг, што гэта ён, а не Лукашэнка вядзе на Захад Беларусь, — адзначыў Лукашэнка. — Ён чалавек далікатны, нешта напішуць, а ён пачынае перажываць, хвалявацца. Ніякі Макей без згоды прэзідэнта не вядзе перамовы ні ў Бруселі, ні ў Берліне, ні ў Вашынгтоне”.
Паводле слоў беларускага кіраўніка, наладжванне адносінаў з Захадам пачалося з падачы самога Уладзіміра Пуціна: „Калі мы сядзелі пад санкцыямі заходнімі, куды б Пуцін ні прыязджаў, як ён мне казаў (мабыць, у гэтым ёсць нейкая праўда), яму ўвесь час тыкалі, што ён падтрымлівае дыктатара Лукашэнку. Ён мне распавядаў, як яму ў кангрэсе ЗША прамывалі мазгі. Ён мне прама кажа: „Не лайся ты з імі, знайдзі ты з імі нармальныя нейкія адносіны”. Клянуся, так было зусім нядаўна! І раптам здымаюць з нас санкцыі. Мы ж не прасілі з нас санкцыі здымаць ніколі, у адрозненне ад некаторых нашых суседзяў”.
Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што абвастрэнне беларуска-расейскіх адносін адбываецца не ўпершыню. Расея часта „хапалася за газавую, нафтавую трубу”, гэта „адбываецца і сёння”. „Гэта ўжо звычка такая. Хоць пасля ўсякіх такіх канфліктаў, няхай не публічна, але мне заўсёды казалі: „Так, мы пагарачыліся”. Ну няўжо не пагарачыліся? Ну навошта хапацца за жывое, навошта браць за горла?” — абурыўся ён.