Намеснік міністра абароны РФ Яўкураў прыбыў у Беларусь
Намеснік міністра абароны Расеі Юнус-Бек Яўкураў 27 траўня прыбыў у Беларусь з рабочым візітам, паведамляе прэс-служба беларускага ваеннага ведамства.
Мяркуючы па фатаграфіях, апублікаваных у тэлеграм-канале Мінабароны, расейскі чыноўнік прыляцеў ваенным бортам на аэрадром Мачулішчы пад Менскам.
Паведамляецца, што Яўкураў на чале ваеннай дэлегацыі Расеі возьме ўдзел у рэкагнасцыроўцы раёнаў правядзення сумесных стратэгічных вучэнняў „Захад-2021”.
Напярэдадні беларускае ваеннае ведамства праінфармавала, што асноўная дэлегацыя Узброеных сіл Расіі прыбыла ў Беларусь 25 траўня. „Праведзеная рабочая сустрэча, на якой абмеркаваныя асобныя пытанні падрыхтоўкі да сумесных стратэгічных вучэнняў. Спецыялісты таксама наведаюць раёны правядзення вучэнняў на палігонах і ўчастках мясцовасці Гарадзнскай і Берасцейскай абласцей”, — гаварылася ў паведамленні.
Беларуска-расейскія вучэнні „Захад-2021” плануецца правесці 10—16 верасня на тэрыторыі дзвюх краін. У аснову манеўраў, паводле інфармацыі Мінабароны, пакладзены „адзін з варыянтаў паэтапнай эскалацыі ваенна-палітычнага становішча вакол умоўных краін”.
Падчас вучэнняў мяркуецца „апрабаваць новыя спосабы сумесных дзеянняў зводных штурмавых падраздзяленняў на высока ўрбанізаванай мясцовасці; ацаніць эфектыўнасць новых і мадэрнізаваных узораў узбраення і ваеннай тэхнікі; пераняць узрослы баявы вопыт расійскіх афіцэраў і, выкарыстоўваючы яго, працягнуць удасканальваць формы і спосабы прымянення войскаў”.
Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы і Служба разведкі і бяспекі пры Міністэрстве нацыянальнай абароны Літвы ў сумесным дакладзе „Ацэнкі пагроз нацыянальнай бяспецы — 2021” згадваюць вучэнні „Захад” у кантэксце таго, што ваенная актыўнасць Расеі ля межаў Літвы і іншых краін НАТА ў 2021 годзе „яшчэ больш інтэнсіфікуецца”. Літоўскія спецслужбы падкрэслілі, што „ваенная актыўнасць у прымежнай зоне павялічвае рызыку непажаданых інцыдэнтаў”.
Апошні раз сумесныя стратэгічныя вучэнні „Захад” праводзілі ў верасні 2017 года на тэрыторыі Беларусі і заходніх абласцей Расеі. У манеўрах удзельнічала прыблізна 13 тыс. вайскоўцаў.
Фота ria.ru