Намеснік міністра замежных спраў Польшчы з візітам у Менску



У амбасадзе Рэспублiкi Польшча адбылася сустрэча беларускiх палiтыкаў i грамадскiх дзеячоў з намеснiкам мiнiстра замежных спраў Польшчы Барташам Цiхоцкiм. Апроч палiтыкаў на сустрэчы былi старшыня Праваабарончага цэнтру „Вясна” Алесь Бяляцкi i намеснiца старшынi БАЖу Алiна Суравец.

Адбыўся iнтэнсiўны абмен думкамi. Беларускiя ўдзельнiкi сустрэчы заклiкалi польскi бок не спыняць падтрымку дэмакратычных грамадскiх iнiцыятыў i адпаведным чынам рэагаваць на парушэньнi правоў чалавека у Беларусi. Асабліва моцна ўдзельнікі сустрэчы з беларускага боку заклікалі не спыняць падтрымкі незалежных СМІ. Гаворыць Алесь Бяляцкі: 

– Усе ў адзін голас казалі, што Польшча не павінна спыняць гэтую падтрымку, незалежна ад адносінаў уладаў Беларусі. Падтрымка беларускай дэмакратычнай супольнасці і незалежных СМІ з’яўляецца доўгатэрміновым праектам і ўнёскам у развіццё дэмакратыі ў Беларусі. У прынцыпе намеснік міністра з гэтым пагаджаўся, ну а якія будуць рэальныя дзеянні міністэрства замежных спраў на бліжэйшую перспектыву, мы ўбачым.

Намеснік міністра замежных справаў Польшчы наведаў таксама ўрочышча Курапаты, дзе ўсклаў кветкі да памятнага крыжа ахвярам Сталінскіх рэпрэсіяў.

Візіт Барташа Ціхоцкага ў Менск адбываецца ў межах штогадовай сустрэчы міністраў замежных справаў краінаў Цэнтральна-Еўрапейскай Ініцыятывы. У 2017 годзе Беларусь старшынюе ў гэтай арганізацыі, якая аб’ядноўвае 18-ць краінаў сябраў.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

Фота (@MSZ_RP) | Twitter