Намеснік прэс-сакратара Дзярждэпу ЗША Джаліна Портэр павіншавала беларусаў з Днём Волі



Намеснік прэс-сакратара дзярждэпартамента ЗША Джаліна Портэр павіншавала беларусаў з Днём Волі.

«Ушаноўваючы Дзень Волі ў Беларусі, мы ўражаны стойкасцю жыхароў Беларусі перад рэпрэсіямі з боку ўладаў. Мы падтрымліваем вашыя памкненні сёння ў Дзень Волі і кожны дзень. #StandwithBelarus”, – адзначыла ў сваім звароце прадстаўнік Дзярждэпу ЗША.

– Беларусы выказваюць сваю пазіцыю падчас мірных пратэстаў і патрабуюць вызваліць палітвязняў, дазволіць вярнуцца ў краіну ўсім, хто апынуўся ў выгнанні, і заклікаюць пачаць сапраўдны дыялог з мэтай правядзення свабодных і справядлівых выбараў у прысутнасці міжнародных назіральнікаў яшчэ сёлета. Беларускім уладам ніколі не позна пачаць паважаць правы народа.

Джаліна Портэр таксама спаслалася на словы экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Святланы Ціханоўскай, якая казала, што свабода не прыйдзе імгненна, як мы калісьці марылі. Гэта доўгая дарога. І Амерыка гатовая прайсці гэтую дарогу побач з Беларуссю, дадала прадстаўнік амерыканскага Дзяржэпу.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя