Намеснік старшыні БНФ выступіў на мітынгу ў Расеі
Акцыя „Піцер за Маскву” была арганізавана ў падтрымку пратэстаў у расейскай сталіцы: там днямі былі арыштаваныя сотні ўдзельнікаў мітынгаў пратэсту супраць зняцця з выбараў кандыдатаў, што выступаюць супраць карупцыйнага рэжыму расейскага прэзідэнта Пуціна.
Беларускі палітык прыгадаў расейскім пратэстоўцам словы Папы Яна Паўла II: „Не бойцеся!”, якія той адрасаваў паняволеным народам.
Намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў адзначыў, што сам хутка будзе вылучацца кандыдатам на выбарах у беларускі парламент, якія будуць абвешчаныя неўзабаве. Пры гэтым ён падкрэсліў падабенства дыктатураў, якія ўстаноўлены ў дзвюх краінах:
„Я – белорус, и для меня большая честь видеть перед собой сегодня столько свободных людей. У нас с вами очень разные страны, но, к сожалению, они становятся всё больше похожими. У нас так же, как и у вас, не допускают кандидатов к выборам, у нас так же, как и у вас, убивают политиков, у нас так же, как и у вас, на разрешённые акции протеста сгоняют невероятное количество спецсил, спецтехники, колючей проволоки”, – сказаў Вадзім Саранчукоў, скончыўшы сваю прамову словамі „Жыве Беларусь!” і „Россия будет свободной!”.
Выступ намесніка старшыні Партыі БНФ быў сустрэты гучнымі апладысментамі. У выніку разам з замежнікам ўсе ўдзельнікі акцыі, якіх было каля 2,5 тысяч, скандавалі „Россия будет свободной” – паведамляюць расейскія СМІ.
На сцэне з прамовамі выступілі арганізатары мітынгу каардынатар руху „Прыгожы Пецярбург” Красімір Вранскi і кандыдат у муніцыпальныя дэпутаты Павел Чупрун. Выступалі і дэпутаты заканадаўчага сходу Пецярбурга Максім Рэзнік і Барыс Вішнеўскі, а таксама кандыдат у губернатары горада Надзея Ціханава. На акцыі былі затрыманыя каля дзесяці ўдзельнікаў.
Мітынг салідарнасці з маскоўскімі актывістамі праходзіў у той дзень, калі ў Маскве зноўку пачалася масавая акцыя за сумленныя і свабодныя выбары і за допуск незалежных кандыдатаў да выбараў у Маскоўскую думу. У Маскве да вечара суботы былі затрыманыя каля тысячы чалавек.