Беларусь заяўляе пра неабходнасць узмацнення практычнай аддачы ад УП



Намеснік міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Алег Краўчанка 12 сакавіка ўзяў удзел у штогадовай сустрэчы старэйшых службовых асоб ініцыятывы ЕЗ „Усходняе партнёрства” (УП).

Фота twitter.com/BelarusMID

Як паведамляе прэс-служба МЗС, кіраўнік беларускай дэлегацыі выступіў у якасці аднаго з асноўных дакладчыкаў на пленарнай сесіі, прысвечанай удасканаленню дзейнасці ініцыятывы ў святле вынікаў саміту УП 2017 года.

Падчас пленарнай часткі мерапрыемства і тэматычных дыскусій Краўчанка выклаў падыходы Беларусі па падвышэнні эфектыўнасці інстытуцыйнай структуры УП. Беларускі прадстаўнік, у прыватнасці, у сваім выступе зрабіў акцэнт на неабходнасці ўзмацнення практычнай аддачы ад ініцыятывы, яе арыентацыі на канкрэтныя праекты ў такіх сферах, як транспарт, энергаэфектыўнасць, развіццё інфармацыйных тэхналогій.

Прадстаўнік Беларусі заклікаў да далейшага выкарыстання Усходняга партнёрства ў якасці пляцоўкі для раўнапраўнага дыялогу паміж ЕЗ і краінамі-партнёрамі з мэтай умацавання ўзаемнага даверу і бяспекі ў рэгіёне. Намеснік міністра замежных спраў пацвердзіў зацікаўленасць і гатоўнасць краіны да перамоваў па новым базавым пагадненні з Еўрапейскім звязам.

У межах мерапрыемства беларускі прадстаўнік сустрэўся з дырэктарам Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў па Расеі, Усходняму партнёрству, Цэнтральнай Азіі і АБСЕ Люкам Дэвінем, з намеснікам кіраўніка генеральнага дырэктарата Еўракамісіі па Еўрапейскай палітыцы суседства і перамоў аб пашырэнні ЕЗ Катарынай Мацерновай.

Краўчанка таксама ўзяў удзел у кансультацыях кіраўнікоў дэлегацый шасці краін — партнёраў Усходняга партнёрства з пасламі па асобых даручэннях шэрагу дзяржаў ЕЗ.

belapan.com