Напярэдадні саміту NATO



Пяняцце «Захад дапамагае Украіне» – гэта аблуда. Захад дапамагае планеце. Так будзе больш дакладна сфармуляваць праблему, якую будзе абмяркоўваць саміт NATO у Вільні, запланаваны на 11-12 ліпеня 2023 году.

Вельмі сімвалічна, што лёсавызначальная сустрэча вайсковых кіраўнікоў калектыўнага і, можна сказаць, ментальнага, Захаду адбудзецца ў сталіцы нашай супольнай з літоўцамі старажытнай дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага.

Дзе пад паняццем «літоўскае» маецца на ўвазе сучасная Беларусь, пад «жамойцкім» сучасная Летува, а пад «рускім» сучасная Украіна.

Безумоўна, не было б Украіны, не было б і гэтага саміту, які ўжо шмат хто называе лёсавызначальным.

Расея напала на Украіну таму, што без Украіны не бачыць сябе імперыяй.

Паспяховы адыход Украіны ў самастойнае жыццё – гэта сігнал не толькі былым «савецкім рэспублікам», але і ўнутрырасейскім «рэспублікам», што можна жыць без Масквы ў галаве.

«Рэспублікі» бяру ў двукоссі, бо ніякага рэспубліканства, то бок, дэмакратыі, у дэспатыях быць не можа.

Сучасная Расея – гэта дэспатыя крымінальных кланаў, з’яднаных з дзяржаўнымі інстытуцыямі.

Мы глядзім на выверты бандыта Прыгожына, і не разумеем чаму ён дагэтуль жывы.

Бо мы глядзім як законапаслухмяныя грамадзяне. А трэба глядзець як вор-рэцыдэвіст: не з гледзішча Закону, а з гледзішча паняццяў.

Ад саміту NATO чакаюць, што дзяржавы, адказныя за парадак на планеце Зямля, дамовяцца пра алгарытм дзеянняў што да крымінальнікаў з Расеі.

Бо дэ-факта сучасная Расея – гэта бандфармаванне, якое шантажуе жыхароў нашай планеты ядзернай пагрозай.

Калі карыстацца звычайнай логікай, у нашай старажытнай Вільні збяруцца лепшыя вайсковыя і палітычныя аналітыкі, каб выпрацаваць агульны алгарытм па абяззбройванню Расеі.

Псіхапат з ядзернай зброяй у руках – гэта пагроза.

І гэтую пагрозу трэба спыніць.

У Вільні збяруцца тыя, хто за хуткае вырашэнне пагрозы. І тыя, хто працуе як папуліст на выключна ўнутраны палітычны рынак.

А што Беларусь?

Лукашэнка трымаецца за адзіную саломінку – за свайго друга Пуціна.

Калі на саміце NATO будзе прынятае рашэнне па Расеі, то гэта будзе аўтаматычна азначаць і вырак па Лукашэнку і лукашыстам.

Усе тыя персанажы ў пагонах, якія тут і цяпер катуюць беларускіх палітзняволеных, адным калектыўным дакументам саміту NATO могуць быць асуджаныя за злачынствы супраць чалавечнасці.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя