Напярэдадні суда Віктар Бабарыка звярнуўся да беларусаў
У Беларусі вырасла пакаленне людзей з новым поглядам на сябе, на краіну, на будучыню і гатовае змагацца за тое, каб „не быць скотам”, лічыць экс-кіраўнік праўлення ААТ „Белгазпрамбанк” і былы прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Віктар Бабарыка.
Напярэдадні суда па крымінальнай справе ў дачыненні да топ-менеджараў „Белгазпрамбанка” тэлеграм-канал штаба Бабарыкі апублікаваў яго зварот да беларусаў.
Паводле слоў Бабарыкі, на працягу многіх гадоў беларусаў „не вялі за цывілізацыяй і ўкладалі ў галаву думку, што яны — народ, які ходзіць пад бізуном, няздольны самастойна прымаць рашэнні і несці адказнасць за сваю будучыню”.
Аднак, на меркаванне экс-банкіра, у 2020 годзе грамадзяне Беларусі перамаглі „рабства ўласнай душы”.
„Самае страшнае, што за такое, здавалася б, агульнапрызнанае права рушаць абсалютна сярэднявечныя рэпрэсіі. Нават большае. У нас сталі актуальныя тэксты, напісаныя прыблізна дзве тысячы гадоў таму і звернутыя да такіх жа, як і вы, першапраходцаў і прадвеснікаў свабоды чалавека і яго права на павагу. Я маю на ўвазе тэксты евангелістаў, якія пракладвалі шлях да сэрцаў і душаў тых, хто знаходзіўся ў рабстве, і якія „запісвалі” ў сэрцах любоў да людзей. Яны неслі святло дабра, самапавагі і годнасці, прыраўноўваючы чалавека да найвышэйшай каштоўнасці”, — цытуе Бабарыку тэлеграм-канал.
Экс-банкір падаў у сваім звароце адзін з такіх тэкстаў, зменены і адаптаваны пад сённяшнюю сітуацыю ў краіне. У ім ён падкрэслівае, што ўсе людзі, якія пацярпелі ад дубінак, гвалту, і тыя, хто „застаўся ў закладніках сённяшняй сістэмы”, пацярпелі за праўду, і яна на іх баку.
„Не схіляйцеся пад чужое ярмо існай улады, бо якія зносіны справядлівасці з беззаконнем? Што агульнага ў святла і цемры? Як сумяшчальныя кветкі, усмешкі і гвалт? Бо вы — носьбіты свабоды і павагі”, — заяўляе Бабарыка.
Ён адзначае, што людзі, якія „перамаглі ў сабе раба, не спалохаліся пагроз і публічна выказалі сваё стаўленне да гвалту і несправядлівасці, ахвяравалі сваім дабрабытам, свабодай і нават жыццём дзеля таго, каб іншыя ўдыхнулі на поўныя грудзі чыстае паветра вызвалення”, выклікаюць неверагодны гонар і захапленне.
„Усё зробленае вамі — не дарма! Мы — разам, хоць і не заўсёды побач. Нас — усё больш і больш! Змрок, злосць і хлусня не могуць быць вечнымі. Запаленае вамі святло дабра і праўды нельга пагасіць не толькі ў вашых сэрцах. Яго немагчыма схаваць ад вачэй іншых людзей. А значыць, світанак прыйдзе і асветліць прасторы нашай Беларусі”, — завяршыў ён свой зварот.
Вярхоўны суд пачне разгляд крымінальнай справы „Белгазпрамбанка” 17 лютага ў будынку суда Маскоўскага раёна Менска. Карэспандэнтам шэрагу недзяржаўных выданняў, у прыватнасці інфармагенцтва БелаПАН, інтэрнэт-газеты Naviny.by, партала tut.by, газеты „Белорусы и рынок”, адмовілі ў акрэдытацыі на пасяджэнне.
У адказ на „шматлікія электронныя звароты грамадзян” прэс-служба Вярхоўнага суда растлумачыла, што слухачоў у залу будуць пускаць з улікам умяшчальнасці залы і нормаў сацыяльнага дыстанцыявання. ВС канстатаваў, што магчымасць прысутнічаць у адкрытым судовым пасяджэнні асобам, якія не з’яўляюцца ўдзельнікамі працэсу, і журналістам — гэта рэалізацыя прынцыпу галоснасці правасуддзя, і неабгрунтаванае абмежаванне доступу грамадзян у залу суда не дапускаецца. Пры гэтым падкрэсліваецца, што „ў мэтах забеспячэння належнага парадку ў судовым пасяджэнні, бяспекі ўдзельнікаў працэсу і прысутных пытанне допуску ўсіх ахвотных грамадзян у адкрытае судовае пасяджэнне дазваляецца судом з улікам умяшчальнасці залы судовага пасяджэння”.
У выпадку немагчымасці забяспечыць допуск у залу ўсіх ахвотных інфармаванне грамадскасці можа ажыццяўляцца праз інфармацыйныя бюлетэні, прэс-рэлізы, СМІ і іншымі спосабамі, падкрэслілі ў судзе.