Народныя амбасады беларусаў адкрыліся па ўсім свеце
Урачыстае адкрыццё амбасадаў супала з Сусветным днём правоў чалавека. Ініцыятыва па стварэнні Народных амбасадаў была часткай павесткі сёлетняга Сусветнага кангрэсу беларусаў.
Гаворыць народны лідар Святлана Ціханоўская, якая падтрымала ініцыятыву:
– Абарона правоў беларускіх грамадзян а таксама дапамога нашым суайчыннікам, якія былі вымушаны з’ехаць з Беларусі, сапраўды мусяць стаць добрым падмуркам для будавання вашых арганізацый. Беларусы замежжа насамрэч адыгрываюць вялікую ролю ў фармаванні будучай дэмакратычнай Беларусі.
Вітальнае слова Народным амбасадам беларусаў у свеце перадаў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка:
– Ва ўмовах калі дзеючыя ўлады Беларусі адвярнуліся ад народа, а нелегітымны прэзідэнт страціў права прадстаўляць яго інтарэсы на міжнароднай арэне, ініцыятыва беларусаў па стварэнні народных пасольстваў з’яўляецца абсалютна натуральнай і зразумелай рэакцыяй.
Сайт беларускіх Народных амбасадаў даступны ў Інтэрнэце.
Беларускае Радыё Рацыя