Народзіны Васіля Быкава
Аднойчы я ўдзельнічаў у дыскусіі па матывах аповесці Васіля Быкава «Сотнікаў», якая ў аўтарскім варыянце на пачатку звалася «Ліквідацыя». І там я дазнаўся, што ў расейскамоўным перакладзе савецкія ідэолагі зрабілі вельмі важную праўку. Там Рыбак выбіў зэдлік з-пад ног палымянага камуніста Сотнікава. То бок стаўся катам. А ў беларускім арыгінале Быкаў пакінуў Рыбаку магчымасць застацца чалавекам.
19 чэрвеня – Дзень нараджэння Васіля Быкава. Ён з’явіўся на свет у 1924 годзе, а пайшоў з жыцця ў 2003-м 22 чэрвеня. У дату нападу Гітлера на Сталіна. Знакавасць даты ў тым, што ў савецкія часы Васіля Быкава шаблонна асацыявалі з Вялікай Айчыннай вайной, як савецкая прапаганда называла частку Другой Сусветнай, якая датычыла СССР.
Прыйшла незалежнасць Беларусі, і шмат каму сталася зразумелым, што Васіль Быкаў шырэйшы і глыбейшы за савецкую ідэалогію.
У часы незалежнасці пісаў на востраактуальныя тэмы. Мне запала апавяданне «Жоўты пясочак» – пра расстрэл у Курапатах.
Згадваю менавіта яго, бо ідэйныя спадкаемцы сталінскіх расстрэльшчыкаў кіруюць і цяпер.
Васіль Быкаў нязручная для дзейнай улады фігура. Развітанне з пісьменнікам і пахавальная працэсія сталіся своеасаблівымі акцыямі пратэсту супраць лукашызму, які ўжо заваяваў пазіцыі.
Васіль Быкаў у маім уяўленні пісаў не пра вайну і не пра сталінскія рэпрэсіі, ён пісаў пра выбар чалавека ў страшных умовах.
Савецкія ідэолагі памянялі назву аповесці з «Ліквідацыі» на «Сотнікава», а заадно кардынальна змянілі сэнс усяго твору. Маніпуляцыю добра бачна па фільме «Сотнікаў». Там камуністычны фанатык рэпрэзентаваны як Ісус Хрыстос, а праставаты селянін Рыбак адназначным злачынцам.
Толькі вось жа калі чытаеш арыгінал, а не глядзіш фільм па сфальшаванай версіі, бачыш, што Рыбак усім дапамагаў, хоць і ўвесь час ягоныя думкі скатваліся на бок цемры. А як бы правільны Сотнікаў наадварот – павінны ў смерцях бязвінных людзей.
Думаю, што цэнзары, якія ведалі беларускую мову, проста не зразумелі пра што аповесць. А тыя, хто чытаў па-расейску, убачылі неадпаведнасць тэксту існай на той момант ідэалогіі, і падправілі.
Васіль Быкаў – гэта не пра вайну. Васіль Быкаў пра гуманізм. Пра дабро і зло. Пра выбар.
Рыбак у фінале пайшоў у паліцаі. Але ці забіў ён хоць каго – мы не ведаем. Канцоўка адкрытая.
Як і для тых, хто служыць сёння акупацыйнаму рэжыму.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя