«Нас працягваюць душыць», – Лукашэнка паскардзіўся Пуціну
У Санкт-Пецярбургу праходзіць нефармальная сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна, паведамляе БелТА.
Як піша праўладны тэлеграм-канал «Пул першага», Пуцін заехаў па Лукашэнку на бездарожніку «Мэрсэдэс», каб даставіць у Канстанцінаўскі палац у Стрэльне. Паводле прэс-службы Лукашэнкі, будуць абмяркоўвацца «актуальныя пытаньні беларуска-расейскага супрацоўніцтва». Аляксандар Лукашэнка падзякаваў Уладзіміру Пуціну за падтрымку ў «цяжкі санкцыйны час». Пра гэта ён заявіў на афіцыйнай частцы сустрэчы з расейскім кіраўніком у Санкт-Пецярбургу.
«Натуральна, вы ведаеце сытуацыю ў Беларусі. Я вам вельмі ўдзячны за тое, што зрабілі, за тую падтрымку, якую аказваеце нам. Не хачу вас улешчваць, справа не ў ліслівасьці. А ў тым, што на любую просьбу вы робіце даручэньне тым ці іншым людзям, адклікаецеся. І кампаніі, урад, банкі ідуць насустрач, падтрымліваючы нас у гэты цяжкі санкцыйны час. Нас працягваюць душыць. Пяць пакетаў увялі, пагаворваюць пра шосты. Прытым бязмозглыя, нікому не патрэбныя санкцыі», — паскардзіўся Лукашэнка.
Па яго словах, іншыя калегі з постсавецкай прасторы, з якімі ён сустракаўся напярэдадні, гэтаксама асуджаюць санкцыйную палітыку Захаду.
«Вядома, Расеі дастаецца заўсёды і дасталася гэтым разам. Але вы паказалі тым самым сваю надзейнасць. Таму вельмі вялікі ўхіл (я ўжо чалавек дасведчаны ў гэтым плане) адбыўся ў бок нашага яднання — разам вырашаць пытанні», — сказаў Лукашэнка.