Наступ на незалежныя СМІ: пад прыцэлам Радыё Рацыя і Белсат



Афіцыйны Менск распачаў сапраўдную кампанію супраць журналістаў, што працуюць на замежныя СМІ без акрэдытацыі. Пад каток рэпрэсій трапляюць у асноўным карэспандэнты тэлеканалу Белсат і Беларускага Радыё Рацыя.

Магчымая мэта кампаніі – стварыць перашкоды для найменш абароненай групы журналістаў – для фрылансераў.

На думку кіраўніцтва Беларускай асацыяцыі журналістаў, менавіта гэтыя людзі знаходзяцца ў авангардзе барацьбы за незалежную, хуткую і якасную журналістыку. Якая вельмі не падабаецца уладам.

Гаворыць сябра праўлення БАЖ Міхась Янчук.

– Пакуль мы глядзелі на гэтыя выпадкі, як на нейкія асаблівасці рэгіянальныя – гарадзенскія. Але пасля таго, як у нас з’явіліся доказы, мы зразумелі, што гэта робіцца “пад капірку”, стала ясна, што гэта частка палітыкі агульнадзяржаўнай. Дэ-факта гэта выглядае, як усталяванне дзяржавай нейкай пошліны за карыстанне нашымі канстытуцыйнымі правамі.

За апошнія месяцы супраць дзевяці беларускіх журналістаў былі заведзеныя справы за працу без акрэдытацыі на замежныя СМІ. Чатыры такія выпадкі скончыліся вялікімі штрафамі, яшчэ двое журналістаў на дадзены момант чакаюць судовага разгляду справы.

Ужо 2 кастрычніка ў Гародні адбудзецца суд над журналістам Андрэем Мялешкам, якога вінавацяць у нібыта незаконным супрацоўніцтве з нашым радыё.

Беларускае Радыё Рацыя