Наступае новая фаза аўтарытарнага рэжыму
Наступае новая фаза аўтарытарнага рэжыму. Кажа сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі.
Праваабаронцы налічылі больш за 40 ператрусаў па краіне 16 лютага, якія праходзілі ў офісах 4 арганізацый і ў кватэрах журналістаў, праваабаронцаў, актывістаў у розных гарадах Беларусі. Заўтра агучаць прысуд у справе супраць журналістак «Белсата» Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай і фактычна ў закрытым рэжыме судзяць Віктара Бабарыку, банкіра і экс-кандыдата ў прэзідэнты.
Гэта толькі некаторыя моманты той хвалі рэпрэсій, якія сабе дазваляе беларуская ўлада, заўважае Віталь Рымашэўскі:
– Катаванні ў вязніцах, зараз зачыстка грамадзянскай супольнасці, запатрабаванне турэмных тэрмінаў для журналістак. Быў напад на царкву “Новае жыццё”, людзей выселілі з будынка, выставілі сілавікі. Гэта значыць, што ў Беларусі наступае новая фаза таталітарнага рэжыму. І амаль да вайсковага становішча адзін крок. Па-сутнасці яно ўжо ўведзенае, таму што закон перастаў дзейнічаць. Дзейнічае права моцнага. Рэжым трымаецца на лаяльнасці сілавікоў, якія сёння пачалі тырарызаваць па-сутнасці ўсю краіну.
Як паведамляюць праваабарончыя статыстыкі, з пачатку кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі 2020 года амаль за дзевяць месяцаў у краіне заведзена больш за 1800 крымінальных спраў супраць удзельнікаў прэзідэнцкай гонкі, актывістаў іх штабоў, удзельнікаў мірных акцый пратэсту, якія адбыліся пасля выбарчай кампаніі. Па стане на 17 лютага ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 255 чалавек.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя