НАТА вітае намаганні Беларусі па ўмацаванні рэгіянальнай бяспекі



НАТА вітае намаганні і ролю Беларусі ва ўмацаванні рэгіянальнай бяспекі. Пра гэта заявіў прадстаўнік дэпартамента палітыкі бяспекі Міністэрства замежных спраў Латвіі Іварс Ласіс сёння ў Менску на семінары „Міжнародная бяспека і НАТА ў 2015 годзе”, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Цяпер латвійскае пасольства з’яўляецца кантактным пасольствам НАТА ў Беларусі. „Латвія вельмі зацікаўлена ў развіцці адносін паміж Беларуссю і НАТА”, – заявіў Іварс Ласіс. Паводле яго слоў, вельмі важна, каб гэтыя адносіны, заснаваныя на ўзаемным даверы, прадаўжаліся. Прадстаўнік латвійскага МЗС падзякаваў Цэнтру вывучэння знешняй палітыкі і бяспекі, а таксама факультэту міжнародных адносін БДУ за арганізацыю семінара, які праходзіць пры садзейнічанні дэпартамента грамадскай дыпламатыі НАТА. Ён упэўнены, што гэта дыскусія „будзе садзейнічаць далейшаму супрацоўніцтву паміж НАТА і Беларуссю”.

На думку Іварса Ласіса, адносіны паміж НАТА і Беларуссю грунтуюцца на асноўных прынцыпах міжнародных адносін: кожная краіна павінна будаваць свае адносіны з іншымі на аснове ўзаемапавагі і ўзаемавыгады.

Прадстаўнік латвійскага МЗС падкрэсліў важнасць мінскіх дамоўленасцей ва ўмацаванні бяспекі і ролю Беларусі ў мірных працэсах. „Беларусь імкнецца абараняць уласную бяспеку і незалежнасць. Мы вітаем ролю Беларусі ва ўмацаванні бяспекі ў рэгіёне”, – адзначыў ён.

Іварс Ласіс выказаў думку аб неабходнасці актывізацыі сумесных міжнародных намаганняў па пытаннях бяспекі: дасягнуць бяспекі немагчыма толькі на адным кантыненце, паколькі выклікі,напрыклад у Еўропе, ідуць з-за межаў Еўропы. Ён таксама закрануў тэму барацьбы з міжнародным тэрарызмам.

Міжнародны семінар арганізаваны Цэнтрам вывучэння знешняй палітыкі і бяспекі сумесна з факультэтам міжнародных адносін БДУ пры садзейнічанні дэпартамента грамадскай бяспекі НАТА. Мерапрыемства праходзіць на базе ФМА Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.